У МЗС Расеі кажуць, што расейскі міністр не абзываў журналістаў «Reuters» дэбіламі (Відэа)


Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава сцвярджае, што міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў не называў журналістаў агенцтва «Reuters» дэбіламі.

Паводле яе, яна бачыла скандальнае відэа, але на ім Сяргей Лаўроў «нікога не абзываў».

«Лаўроў спытаў у аператара з уключанай камерай, чаго ён хоча. Аператар нічога не сказаў і працягваў здымаць, міністр прайшоў сваёй дарогай, і нічога не казаў», – патлумачыла Захарава.

Раней відэа з Лаўровым апублікаваў украінскі тэлеканал «Громадське Телебачення» на YouTube. На відэазапісе бачна, як Лаўроў ідзе па калідоры на сустрэчу з кіраўніком МЗС Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Потым ён спыніўся і запытаўся: «Яшчэ пакуль не прыйшоў ён?» Яму адказала дзяўчына: «Не яшчэ». Пасля гэтага Лаўроў паглядзеў у камеру і запытаўся: «What do you want( «Што вы хочаце?»).

Пасля гэтага ён паварочваецца да аператара бокам і праходзіць у пакой. За кадрам у гэты момант гучыць слова «дэбілы».

11 жніўня на прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з кіраўніком МЗС Саудаўскай Аравіі Лаўроў вымавіў у мікрафон слова «дэбілы». Невядома, да каго адносілася гэта выказванне. Хвілінай пазней Лаўроў зрабіў заўвагу тым, хто сядзеў у зале. «Мы вам не перашкаджаем?» – спытаў ён.

Пасля афіцыйны прадстаўнік МЗС Марыя Захарава заявіла, што ніякіх грубых слоў ад кіраўніка ведамства на прэс-канферэнцыі не чула, і адмовілася каментаваць «шоргат, кашаль ці яшчэ нейкія выклічнікі».

Сам Лаўроў у эфіры радыё Kp.ru пракаментаваў сваё выказванне. «Я не выходзіў з сябе… Выбачайце, ну не я адзін трапляю ў сітуацыю, калі мікрафон аказваецца не выключаны», – сказаў Лаўроў.

МЯ, паводле rbc.ru

Стужка навінаў