Саакашвілі зноў заклікаў да дыялогу з Беларуссю


Палітыка ізаляцыі ў дачыненні Беларусі павялічвае шанец на тое, што яна трапіць пад кантроль Расеі, а гэта «ёсць контрпрадуктыўным для доўгатэрміновага развіцця Еўропы», заявіў Міхэіл Саакашвілі 26 ліпеня ў Батумі на супольнай прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з Браніславам Камароўскім, прэзідэнтам Польшчы, якая старшынствуе ў ЕЗ. Прэзідэнт Грузіі заклікаў Еўропу весці дыялог з Беларуссю.

Паводле Саакашвілі, Беларусь у адрозненне ад Расеі не акупуе суседніх краінаў, і сцвярджаць, што Расея больш дэмакратычная за Беларусь, – «абсурд», перадае Расейская служба «Бі-бі-сі». Саакашвілі заявіў, што Грузія ўважліва назірае за сітуацыяй у Беларусі ды разумее, якія там існуюць праблемы. Аднак нягледзячы на гэта, упэўнены ён, з Менскам трэба весці дыялог і адкрыта размаўляць па ўсіх пытаннях, якія выклікаюць занепакоенасць.

Варта зазначыць, што гэта ўжо другая такая заява грузінскага лідара. 22 ліпеня, выступаючы ў Батумі на міжнароднай канферэнцыі «Еўрапейскі шлях Грузіі», Саакашвілі заклікаў міжнародную супольнасць да актыўнага дыялогу з Беларуссю, каб пазбегчы ізаляцыі нашай краіны і спрыяць яе развіццю ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Тады ён таксама падкрэсліў, што ў выпадку ізаляцыі Беларусь «апынецца ў руках расейскай адміністрацыі». Саакашвілі паведаміў, што Грузія дзеліцца з Беларуссю, Украінай і Малдоваю досведам рэформаў.

belsat.eu

Стужка навінаў