«Народныя гулянні» сёння маюць прайсці на рынках а 13:00


Арганізатары суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікаюць беларусаў выйсці на галоўныя рынкі сваіх гарадоў і сабрацца ля зачыненых гандлёвых кропак. Дзеля захавання бяспекі – не пляскаць у ладкі.

«Мы дамаўляемся з прадпрымальнікамі, каб рабіць акцыі разам з імі. Мы будзем дамагацца, каб па серадах прадпрымальнікі не выходзілі на працоўныя месцы, а рынкі і гандлёвыя месцы пусцелі», – пішуць арганізатары «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку».

Яны прапаноўваюць сустракацца ля галоўнага ўваходу, калі ўлады перакрыюць рынкі. Паводле арганізатараў, пратэстоўцы хутка змяшаюцца з тымі, хто прыйшоў за пакупкамі. На пытанні «некаторых грамадзянаў» «Што вы тут робіце?» прапаноўваюць адказваць: «Чакаем, пакуль адчыніцца гандлёвая кропка!»

Дзе збірацца?

Менск – Камароўскі рынак;

Берасце – Калгасны рынак;

Віцебск – Смаленскі рынак;

Гомель – Цэнтральны рынак;

Горадня – гандлёвы цэнтр «Карона»;

Магілёў – Віленскі рынак;

Іншыя гарады – самы буйны рэчавы рынак.

Ідэя перанесці маўклівыя пратэсты на гарадскія рынкі належыць актывісту Вячаславу Дзіянаву. На ягоную думку, гэта дапаможа зацікавіць новых людзей, якія дагэтуль не выходзілі на вуліцы з пратэстамі. «Рынак вельмі складана перакрыць і там шмат выпадковых людзей, якія проста прыйшлі за пакупкамі, у тым ліку пенсіянеры. Да таго ж, мы можам зацікавіць прадпрымальнікаў. Абавязкова трэба пашыраць колькасць удзельнікаў», – мяркуе актывіст.

belsat.eu

Стужка навінаў