Распаўсюдніку беларускіх кніг пагражае да 3 гадоў турмы


На гэтым тыдні распачнецца суд над стваральнікам сэрвісу «Кнігі – поштай» Алесем Яўдахам.

Суд прызначаны на 28 ліпеня, на 10-ю гадзіну раніцы. Распаўсюдніка беларускіх кніг і аўдыёдыскаў вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Максімальнае пакаранне паводле ч.1 арт. 233 КК – да трох гадоў пазбаўлення волі. Але можа абысціся штрафам або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Камітэт дзяржкантролю распачаў справу супраць Яўдахі ў траўні 2010 года. Следчыя выклікалі кліентаў сэрвісу «Кнігі – поштай» і высвятлялі мэту, з якой тыя пералічвалі грошы Алесю.

Сам Яўдаха падкрэслівае, што палітычнай дзейнасцю ніколі не займаўся. І бізнесам свой занятак ён не лічыць: «Гэта была справа для душы. Я даваў людзям магчымасць набыць сучасную беларускамоўную літаратуру і музыку праз пошту. Найперш гэта людзі з рэгіёнаў».

Замоўленыя праз інтэрнэт-сайт «Кнігі – поштай» тавары кліенты аплочвалі праз пошту накладзеным плацяжом. Тут можна было прыдбаць творы айчыннай і замежнай літаратуры, навуковыя кнігі ды публіцыстыку, фільмы, іншыя рэчы, перадусім на беларускай мове.

Цяпер старонка «Кнігі – поштай» не абнаўляецца, аднак дзейнічае афіцыйная ліцэнзаваная інтэрнэт-крама knihi.by.

belsat.eu

Стужка навінаў