Вольга Бандарэнка: Лёс Дзімы вырашаць не лекары, а астрожнікі


https://youtu.be/Vzw-ijIRuFI
Палітвязня Дзмітрыя Бандарэнку прааперавалі ў менскім шпіталі. Аперацыя на хрыбетніку доўжылася дзве гадзіны.

“Я змагла пабачыць Дзіму, калі яго везлі з аперацыйнай. Ён таксама ўбачыў мяне і нават паказаў значок “вікторыі”-перамогі”, – распавяла “Белсату” Вольга Бандарэнка. Аперацыю медыкі праводзілі пад мясцовай анестэзіяй. Яны паведамілі жонцы вязня, што ўсё прайшло ўдала.

“Пводле лекараў, грыжа была вельмі вялікая і даўняя, з-за чаго моцна пацярпелі нервовыя канчаткі. Таму рэабілітацыя будзе доўгая. Звычайна ж пасля такіх аперацыяў пацыенты застаюцца ў лякарні на 8–10 дзён”, – гаворыць Вольга Бандарэнка. Колькі дзён правядзе ў 5-м шпіталі Дзмітрый, Вольга не ведае. Бо тут усё вырашаюць, як яна гаворыць, не дактары, а турэмнае кіраўніцтва.

Сустрэча з лекарам Дзмітрыя Бандарэнкі запланаваная на чацьвер, 28 ліпеня, але жанчына не выключае, што вязня могуць звезці ў турэмны шпіталь і раней: “У любым выпадку, я кожны дзень збіраюся наведвацца ў шпіталь і кантраляваць, дзе знаходзіцца муж”.

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка на апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў даверанай асобаю кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі. У турме ў Дзмітрыя Бандарэнкі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем: чатыры грыжы дыскаў хрыбетніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў. У чэрвені стан здароўя палітвязня пагоршыўся настолькі, што яго перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары