У Наваполацку пракладуць “Маршрут цвярозасці”


Чыноўнікі абяцаюць за пяць гадоў вырашыць алкагольнае пытанне ў рэгіёне.

Пра гэта яны заявілі на з’ездзе дэлегатаў першага гарадскога народнага сходу. “Сёння Наваполацк у колькасці здзейсненых злачынстваў – адзін з самых добранадзейных у вобласці”, – паведаміў старшыня РАУС Дзмітрый Разенкоў. Аднак алкаголь усё ж такі звязаны з узроўнем злачыннасці. 55,1 % злачынстваў на лініі крымінальнага вышуку ў горадзе здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Траціна пацярпелых ад злачынстваў таксама знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Сёлета таксама зафіксавана 8 фактаў гібелі людзей з прычыны празмернага ўжывання алкаголю.

Ініцыятар барацьбы з п’янствам – дэпутат Вячаслаў Дурноў. “На бліжэйшыя пяць гадоў мы запланавалі шэраг мерапрыемстваў. У самы бліжэйшы час з’явіцца “Маршрут цвярозасці” – у грамадскім транспарце пасажыры пачуюць аўдыёлекцыю пра шкоду алкаголю. Раз на месяц у Наваполацку будзе “Раніца цвярозасці” – з 8-й да 11-й гадзіны ў крамах не будуць прадаваць алкагольных вырабаў”, – кажа чыноўнік. Ён таксама настойвае на тым, каб у горадзе знікла рэклама алкагольнай прадукцыі, у тым ліку піва.

Удзельніца групы ананімных алкаголікаў Ірына В. лічыць, што агітацыя супраць п’янства эфектыўная толькі ў комплексе з павышэннем цэнаў на алкаголь. “Цяпер у крамах узняліся кошты ў два разы. Але пладова-ягаднае віно падаражала ўсяго на 700 руб. У выніку каўбаса каштуе 3 долары, а віно – 1 долар. Дык якое тады змаганне з п’янствам з боку дзяржавы? – кажа жанчына. – Да таго ж у малых гарадах прадпрыемствы таннага віна складаюць 30–40 % укладанняў мясцовага бюджэту”.

Грамадскае аб’яднанне “Добрая воля” ў свой час звярнулася да менчукоў з пытаннем, які метад барацьбы з п’янствам яны лічаць найбольш эфектыўным. “Мы атрымалі 2 тысячы лістоў ад людзей. І тысяча чалавек самай эфектыўнаю захадаю лічаць павышэнне коштаў на алкаголь”, – паведаміў кіраўнік арганізацыі Леанід Скорабагаты.

belsat.eu

Стужка навінаў