Судовыя выканаўцы канчаткова выселілі Партыю БНФ


Да менскага офісу Партыі БНФ, які яна займала з 1992 г., прыйшлі судовыя выканаўцы, каб завяршыць працэдуру высялення партыі.

Судовыя выканаўцы з’явіліся каля дзвярэй офісу а 10:00, хоць уласна дзвярэй там ужо не было. Партыя выехала з памяшкання па адрасе пр. Машэрава, 8, вечарам 25 ліпеня, зняла пры гэтым уваходныя дзверы і забіла праём фанераю.

Каля 40 хвілінаў судовыя выканаўцы чакалі прадстаўнікоў партыі, каб у іхнай прысутнасці трапіць у памяшканне, але ніхто з палітыкаў там не з’явіўся. У выніку да памяшкання прыйшоў слесар ЖЭСу, які адарваў фанеру, што закрывала ўваход. Судовыя выканаўцы і прадстаўнікі ЖРЭА Савецкага раёну, калі прайшлі ўнутр, пачалі афармленне дакументаў аб высяленні партыі ды перадачы памяшкання ЖРЭА.

Новы офіс партыі размяшчаецца па вул. Крапоткіна, 93а. Яго прэзентацыя запланаваная на 25 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў