Уладзімір Колас: калі апазіцыя не аб'яднаецца, гэта станецца здрадаю


Рада беларускай інтэлігенцыі прыняла заяву, у якой заклікае ўсіх дэмакратычных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва аб’яднаць свае сілы ды ісці на выбары з адзіным кандыдатам.

“Гісторыя дае нашай краіне шанец. Сітуацыя ўпершыню за некалькі гадоў складваецца такім чынам, што перамога становіцца рэальнаю”, – каментуе зварот старшыня Рады Уладзімір Колас.

Гэта разумеюць і некаторыя з прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва, упэўнены Уладзімір Колас. Але ўсё пытанне ў тым, наколькі кожны з іх гатовы саступіць гэтае месца іншаму. І рэч тут не толькі ў амбіцыях, падкрэслівае старшыня Рады. “Кожны з прэтэндэнтаў выдаткаваў ужо шмат рэсурсаў, каманды назапасілі досведу. І падчас гэтай эйфарыі прыняць рашэнне сысці ў цень, пачаць працаваць на іншага, вымагае асаблівай мужнасці ды мудрасці”, – лічыць Уладзімір Колас.

На думку старшыні Рады, толькі аб’яднаная апазіцыя здолее супрацьстаяць фальсіфікацыям, зломіць ужо напісаны ўладамі сцэнар правядзення выбараў.
“Калі ж яднання не адбудзецца, апазіцыйныя палітыкі ў чарговы раз распішуцца ва ўласным бяссіллі, здрадзяць інтарэсам народу Беларусі”, – падкрэслівае Уладзімір Колас.

belsat.eu

Стужка навінаў