Калгасы застануцца без таннай саляркі?


Міністэрства эканомікі скасавала дзеянне адміністрацыйных захадаў, якія цягам доўгіх гадоў абавязвалі прадаваць паліва сельскагаспадарчым арганізацыям па льготных цэнах.

Эканаміст Ірына Урбан тлумачыць, што раней нафтапрадукты, вырабленыя з айчыннай сыравіны, прадаваліся калгасам па меншым кошце: «Яны не плацілі пошліны. Да таго ж, пастаўлялі пераважна біяпаліва, а яно само па сабе таннейшае». Цяпер кошты для калгасаў будуць гэтакімі самымі, як і для іншых спажыўцоў.

Напярэдадні збору ўраджаю гэта, здавалася б, моцна ўдарыць па бюджэце прадпрыемстваў. «Калгасы атрымліваюць пазыкі на такія патрэбы – гэта або крэдыт ад «Белаграпрамбанку», або дапамога з бюджэту. Аддаваць пазыкі яны будуць, калі збяруць ураджай і прададуць яго. У выпадку, калі прадпрыемства апынецца неплацежаздольным, яго рахункі арыштуюць, а грошы за прадукцыю будуць накіроўвацца адразу на рахунак банку ці мясцовага бюджэту», – распавядае эксперт. Яна лічыць, што Міністэрства эканомікі пайшло на такі крок, каб зрабіць выгляд, што ўсе суб’ёкты гаспадарання маюць роўныя умовы.

У «Белнафтахіме» паведамляюць, што цяпер актыўна распрацоўваюцца шляхі, як зрабіць паліва для калгасаў больш танным. Але адмаўляюцца казаць, якія канкрэтныя метады выкарыстоўваюць. Фермер Міхаіл Талай, які раней працаваў інжынерам у калгасе, лічыць, што гаворка ідзе пра сумесь біядызельнага паліва. «Паасобку пастаўляецца дызель і рапсавы алей, які на месцах (на палях) ручным спосабам змешваецца ў адной ёмістасці. Да гэтага дадаюць адпрацаваныя рэшткі гаручага. І на такім паліве працуе тэхніка», – патлумачыў суразмоўца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары