Аляксей Янукевіч: Партыя БНФ – гэта не столькі сцены, колькі людзі


Увечары 25 ліпеня Партыя БНФ вызваліла свой былы офіс на праспекце Машэрава, 8.

Выязджаючы, партыя падрыхтавала «сюрпрыз» для ЖРЭА Савецкага раёну, якое выступіла ініцыятарам высялення яе з офісу. Актывісты забілі ўваход фанераю, каб камунальнікі прыклалі «пэўныя намаганні» пры ўваходзе ў памяшканне.

Актывісты партыі таксама распісалі сцены офісу надпісамі: «Жыве Беларусь!», «БНФ назаўжды!», «БНФ не спыніць», «Верым! Можам! Пераможам!».

Высяленне Партыі БНФ з гэтага офісу – «сумны, але не фатальны факт», заявіў журналістам старшыня партыі Аляксей Янукевіч перад тым, як пакінуць офіс. «Партыя БНФ – гэта не столькі сцены, колькі людзі, нашы прыхільнікі», – падкрэсліў палітык.

«Цяперашнія падзеі яскрава дэманструюць стаўленне беларускіх уладаў да сваіх палітычных апанентаў, – сказаў Аляксей Янукевіч. – Найстарэйшая зарэгістраваная палітычная партыя прымусова высяляецца са свайго офісу, які арандуецца з 1992 года, з удзелам работнікаў ЖРЭА і міліцыі. Гэта сведчыць пра небеларускую сутнасць уладаў».

На ягоную думку, немалаважную ролю ў прыняцці ўладамі рашэння пра высяленне партыі адыгралі падзеі 19 снежня 2010 г. «Ужо на наступны дзень да нас у офіс прыходзілі людзі, якія выказвалі салідарнасць з затрыманымі ў дзень выбараў і прапаноўвалі дапамогу зняволеным», – сказаў старшыня ПБНФ.

Намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў паведаміў, што прэзентацыя новага офісу па вул. Крапоткіна, 93а, адбудзецца 25 жніўня.

«У нас былі пэўныя спадзяванні, калі прайшлі суды на карысць «Нашай нівы», «Народнай волі», – падзяліўся ён. – Мы меркавалі, што ва ўлады хопіць розуму такім чынам паступіць і з Партыяй БНФ. Але, як бачым, розуму не хапіла. Але гэта старонка гісторыі не застаецца перагорнутаю». Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што з часам Партыя БНФ вернецца ў памяшканне на праспекце Машэрава, 8. «У будучыні тут будзе не офіс, а музей развіцця дэмакратычнай супольнасці Беларусі», – упэўнены ён.

belsat.eu

Стужка навінаў