Кардынал і паляўнічы. Якім быў Казімір Свёнтэк?


Кардынала Казіміра Свёнтэка ўзгадваюць біскуп Казімір Вялікаселец і суседка па вуліцы.

Калі Казімір Свёнтэк вярнуўся пасля лагераў у сваю Пінскую дыяцэзію, з 120 ксяндзоў там засталося дванаццаць. Як дванаццаць апосталаў, яны ўтрымлівалі каталіцкую веру на Пінскай зямлі, узгадвае біскуп Казімір Вялікаселец.

Жыхарка вуліцы Шаўчэнкі ў Пінску, якая была суседкаю кардынала, распавяла, што ён заўсёды дапамагаў гараджанам і з ім заўсёды было пра што пагаварыць, паколькі ён быў вельмі адукаваным чалавекам, а таксама захапляўся паляваннем і фатаграфіяй.

Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк пайшоў з жыцця ў чацвер, 21 ліпеня, на 96-м годзе жыцця. Пахавалі кардынала 25 ліпеня ў Катэдры Пінску.

Як паведамляе афіцыйны сайт Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі (www.catholic.by), кардынал памёр у пінскай больніцы, дзе быў з 10 сакавіка.

Казімір Свёнтэк нарадзіўся 14 кастрычніка 1914 года ў Валзе (Эстонія). Калі яму было ўсяго тры гады, ягоную сям’ю саслалі ў Сібір. Пазней яму ўдалося скончыць Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. У 1939 годзе ў гэтым горадзе яго высвяцілі на святара і накіравалі ў Пружанскую парафію. Аднак пачаліся чарговыя ганенні з боку савецкіх уладаў. Свёнтэка арыштавалі паводле абвінавачання ў шпіянажы і асудзілі на смерць, але вайна, што пачалася ў 1941 годзе, перашкодзіла прывесці прысуд у выкананне. Пазней, у 1944 годзе, маладога святара ізноў арыштавалі і прысудзілі да 10 гадоў лагераў у Сібіры.

Выйшаўшы на волю ў 1954 годзе, ён вярнуўся ў Пінск. Дзякуючы Казіміру Свёнтэку была адрэстаўраваная Пінская катэдра, якая стала адною з першых адноўленых святыняў Беларусі.

Канец 1980-х і пачатак 1990-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі. У 1991 годзе Папа Ян Павал ІІ прызначыў Свёнтэка метрапалітам Менска-Магілёўскай метраполіі ды апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы метрапаліт пачаў сваё біскупскае служэнне. У 1994 годзе ён атрымаў тытул кардынала. У 1999 годзе ў гэтым статусе яго абралі першым прэзідэнтам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

У 2004 годзе Папа Ян Павал II асабіста ўручыў яму спецыяльную ўзнагароду інстытуту Паўла VI у горадзе Брэшыя (Італія) – “Fidei testis” (“Сведка веры”).

У чэрвені 2006 года папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, пададзенае Казімірам Свёнтэкам.

belsat.eu

Стужка навінаў