Лівійскія жанчыны вучацца страляць з кулямётаў


Дзесяткі лівійскіх жанчын у Бэнгазі стралялі з кулямётаў у паветра, каб адсвяткаваць заканчэнне ваеннага трэнінгу. Яны паабяцалі ўзяць у рукі зброю, каб змагацца супраць лівійскага лідара Муамара Кадафі.

Ваенныя курсы скончыліся ў пятніцу, 22 ліпеня. Паўстанцы прапанавалі прадстаўніцам прыгожага полу зрабіць свой унёсак у барацьбу пасля таго, як лівійскі ўрад у Трыпалі рэкрутаваў жанчын для барацьбы з паўстанцамі.

Адзін з лагераў у Бэнгазі некалькі месяцаў таму распачаў адмысловую праграму, падчас якой жанчын навучаюць, як правільна карыстацца зброяй, у тым ліку зенітнымі кулямётамі, каб абараніць сябе.

“Мы прыйшлі сюды, каб навучыць нашых свабодных калегаў, як карыстацца зброяй. Шчыра кажучы, мы здзіўленыя, наколькі дакладна яны страляюць,” – распавяла капітан Рабія аль-Гуты.

Навабранкі гатовыя змагацца супраць Муамара Кадафі поруч з сіламі НАТО, задзеянымі ў працяглай ваеннай кампаніі. Выпускніцы трэнінгавага лагеру спадзяюцца, што яны паспрыяюць як заканчэнню эры мужчынскага дамінавання, гэтак і рэжыму Кадафі, які абмяжоўваў сацыяльныя і культурныя правы.

Кадафі ўтрымлівае ўладу, нягледзячы на паветраную кампанію НАТО, якая працягваецца ўжо чатыры месяцы, і пяцімесячнае змаганне з паўстанцамі, якія захапілі значную частку тэрыторыі Лівіі.

belsat.eu

Стужка навінаў