Класкоўскі папрасіў жонку, каб не пускала дзяцей катацца на ровары


Лісты ад палітвязня прыходзяць з вялікім спазненнем. Да тэлефона яго па-ранейшаму не дапускаюць.

“У выходныя атрымала ліст, датаваны яшчэ 17 ліпеня. А тэлефанаванняў па-ранейшаму няма, хоць пасля разгляду касацыі прайшоў амаль тыдзень”, – апавяла “Белсату” жонка зняволенага Наталля Класкоўская.

Жанчына таксама зазначае, што лісты сталі больш стрыманыя. У апошнім Аляксандр амаль нічога не распавядае пра сваё турэмнае жыццё, усё больш пытаецца, як там дзеці. Дарэчы, у ім Аляксандр Класкоўскі зазначае, што “хутка разгляд касацыі”, пасля чаго ён “стане паўнавартасным крымінальнікам” і зможа тэлефанаваць сваякам.

Наталля Класкоўская гаворыць, што пацверджанняў інфармацыі, што на палітвязняў Шклоўскай калоніі цісне адміністрацыя, у яе няма: “Але я адчуваю, што там нешта не тое адбываецца”. Аляксандр Класкоўскі папярэджвае жонку ў лісце, каб сачыла за дзецьмі, не дазваляла ім катацца на ровары па вуліцы і ўвогуле не пакідала іх без увагі. “Піша, што жыццё ў калоніі цячэ ціха і амаль бессэнсоўна, і ён вельмі сумуе па нас”, – праглядае апошні ліст мужа Наталля Класкоўская.

Жанчына мяркуе, што вязень не атрымлівае ўсёй карэспандэнцыі, бо папярэджвае яе, каб абавязкова нумаравала пасланні, каб у “мясцовых камітэтнікаў не абвастралася клептаманія”. Таксама раіць на адваротнай старонцы каперты пісаць пералік усіх укладанняў, а фота і ўвогуле дасылаць заказнымі лістамі.

Аляксандр Класкоўскі за ўдзел у пратэстах на Плошчы быў асуджаны на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менскі гарадскі суд пасля разгляду касацыйнай скаргі пакінуў вырак у сіле. Пакаранне Аляксандр Класкоўскі адбывае ў Шклоўскай калоніі. На волі яго чакаюць жонка і трое дзяцей. Самаму малодшаму Арсенію ў чэрвені споўнілася толькі тры гады. Пасля арышту мужа Наталлю з дзецьмі пазбавілі магчымасці пабудаваць уласнае жыллё за ільготны крэдыт – як шматдзетнай сям’і. Жанчына з дзецьмі вымушаная была перабрацца з Менску да бацькоў у Бялынічы.

belsat.eu

Стужка навінаў