У Менску з’явяцца турыстычныя ўказальнікі


У іншых гістарычных месцах – не.

У сталіцы вызначылі 44 турыстычныя месцы, якія абсталююць інфармацыйнымі дошкамі ды ўказальнікамі. Сярод іх – парк Горкага, Лошыцкі садова-паркавы комплекс, парк Чэлюскінцаў, раён Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету, Няміга і інш.

Дырэктар Інфармацыйна-турыстычнага цэнтру “Менск” Алена Пліс адзначыла: “Працы вядуцца ў межах рыхтавання гораду да чэмпіянату свету па хакеі, які адбудзецца ў Менску ў 2014 г. Праект фінансуецца прыватнаю кампаніяй, таму інфармацыйныя ўказальнікі ды тумбы будуць суправаджацца рэкламнымі блокамі. Ужо падрыхтавалі эскізы, праца завершыцца ў кастрычніку”.

Першапачаткова планавалася, што ў горадзе таксама з’явяцца інфармацыйныя бюро, дзе турысты змогуць бясплатна атрымаць неабходную інфармацыю пра Менск: буклеты, мапы, інструкцыі. У любым еўрапейскім горадзе, дзе чакаюць турыстаў, такія цэнтры існуюць. Яны выжываюць за кошт рэкламы – усю выдавецкую дзейнасць бяруць на сябе прыватныя кампаніі. Да таго ж, у такіх цэнтрах прадаюць сувеніры.

Міністэрства спорту і турызму абяцала, што такія пункты запрацуюць нарэшце і ў нас. Аднак пакуль гэтае пытанне не развязанае, як і тое, што будзе з інфармацыйна-турыстычнаю дзейнасцю ў рэгіёнах.

Старшыня аб’яднання “Гісторыка” Зміцер Рагачоў кажа, што цяпер толькі зрэдку можна сустрэць указальнікі на турыстычныя аб’екты. “У Горадні, Віцебску, Гомлі дзе-нідзе можна сустрэць інфармацыйныя указальнікі, але яны зробленыя хаатычна. Чалавек, які выпраўляецца самастойна на экскурсію, цэласную карціну ад гораду не атрымае”.

На меркаванне эксперта, трэба, каб па ўсёй краіне з’явіліся інфармацыйныя стэнды, указальнікі. “Толькі тады мы можам спадзявацца, што турызм у краіне павялічыцца. Цяпер жа людзі прыязджаюць, але калі няма нават стрэлкі, куды пайсці, ды інфармацыі, што гэта за касцёл ці сядзіба, то ўражанні ў турыстаў не застаюцца. Яны з’едуць і наўрад ці вернуцца да нас яшчэ”.

belsat.eu

Стужка навінаў