У Беларусі бракуе медыкаў, а вось бухгалтараў зашмат


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прааналізавала вакансіі найбольш распаўсюджаных прафесіяў.

Паводле афіцыйных звестак, у гарадах у сярэднім зарэгістраваны 21 беспрацоўны доктар, хоць патрэба ў такіх спецыялістах у 46 разоў вышэйшая – 973. Падобная сітуацыя і з сярэднім медычным персаналам – попыт на паслугі медсясцёр у 11 разоў вышэйшы за прапанову.

Агулам у сістэме Міністэрства аховы здароўя бракуе 4 тыс. дактароў і 5 тыс. медсясцёр. Галоўная прычына нястачы медычных кадраў – іхная цякучасць. «Штогод з арганізацыяў Міністэрства аховы здароўя звальняецца больш за тры тысячы чалавек. Столькі нават не набіраюць беларускія медычныя ВНУ. Акрамя таго, не дае вынікаў абавязковае размеркаванне выпускнікоў-бюджэтнікаў. Пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі звальняюцца каля 30 % маладых спецыялістаў, большай частцы з іх няма 40 гадоў. Толькі добры заробак можа стаць надзейным сродкам замацавання кадраў. І тады ў паліклініках будзе менш чэргаў, дый уся медыцына зробіцца больш даступнаю», – мяркуе HR-кансультант Таццяна Коласава.

«Белсат» прааналізаваў вакансіі для медычных працаўнікоў на сайце Менгарвыканкаму. Высветлілася, што ў сярэднім у сталіцы лекарам прапаноўваюць заробак памерам 1–1,2 млн руб., медсёстрам – 700–900 тыс. руб., лабарантам – 600–800 тыс. руб., санітаркам – 500–700 тыс. руб.

Начальнік упраўлення планавання і эканомікі аховы здароўя Міністэрства аховы здароўя Алена Ткачова зазначае: «У звязку з навучаннем у клінічнай ардынатуры, праходжаннем курсаў павышэння кваліфікацыі, часовай непрацаздольнасці і гэтак далей заработная плата некаторых маладых спецыялістаў вельмі нізкая».

Для таго каб зарабіць больш, медыкам даводзіцца браць на сябе павышаную нагрузку, працуючы ў сярэднім на 1,39 стаўкі. Да таго ж, дактары проста вымушаныя закрываць дэфіцыт кадраў.

Алена Ткачова адзначае, што былі выяўленыя выпадкі парушэння працоўнага заканадаўства, калі медыкі працавалі больш як на паўтары стаўкі «ў звязку з заменаю часова адсутных працаўнікоў, неўкамплектаванасцю штатаў – як правіла, лекараў-анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў».

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко абяцае вырашыць кадравую праблему да 2013 г. Апроч дэфіцыту медыкаў, у гарадах назіраецца нястача інжынераў і майстроў. У вёсках востры дэфіцыт заатэхнікаў і ветэрынарных лекараў.

А вось эканамісты, юрысты і асабліва бухгалтары, наадварот, маюць сёлета праблемы з працаўладкаваннем. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 175 вакантных месцаў цяпер прэтэндуе 351 дыпламаваны бухгалтар.

belsat.eu

Стужка навінаў