Беларускага вытворцу абутку абвінавацілі ў плагіяце


Знакамітая італьянская абутковая фірма “Baldinini” абвінавачвае беларускага вытворцу “Марка” ў падрабленні прпадукцыі гэтага італьянскага брэнду.

Дамову аб беларуска-італьянскай супрацы падпісалі летась. У згодзе з дакументам у Беларусі наладзілі новую лінію вытворчасці абутку “Bravo”.

Але нечакана італьянскі бок выставіў сур’ёзныя прэтэнзіі беларускаму партнёру. “Беларускі абутак – гэта нядрэнная, але ўсё ж падробка “Baldinini”, – заявіў генеральны дырэктар італьянская фірмы Джымі Балдыні.

Прадстаўнікі “Марка” адмаўляюць прэтэнзіі, спасылаючыся на супольную дамову. Дырэктар кампаніі Мікалай Мартынаў лічыць: “Думаю, што італьянцы пачалі баяцца канкурэнцыі нашай прадукцыі. Бо абутак дакладна паўтарае італьянскую марку, але ягоны кошт – у 5 разоў меншы! Мы паказалі абутак на некалькіх выставах у Маскве, пайшоў продаж, і італьянскія калегі вырашылі ад праекту адмовіцца”.

Але новая лінія абутку не спыніць працы. У планах – адкрыць новыя крамы ў Менску, Маскве, Рызе, запусціць новую калекцыю.

У інтэрв’ю “Белсату” эксперт у галіне моды Віка Навумава адзначыла: “Брэнд элітнага беларускага абутку ўжо запушчаны. Зараз беларусы не будуць супрацоўнічаць з італьянскай фірмай “Baldinini”, але да новага сезону калекцыю будуць рыхтаваць новыя вядомыя абутковыя дызайнеры. Да гэтага ў нас была сур’ёзная праблема – адсутнасць якаснага прасоўвання прадукцыі. І нарэшце Беларусь выйшла на цывілізаваны шлях у галіне вытворчасці ды продажу свайго прадукту”.

belsat.eu

Стужка навінаў