Вольга Бандарэнка: Гэта падобна да параноі


Канваіры, што прывозілі Дзмітрыя Бандарэнку ў менскі шпіталь, вырашылі адвезці яго назад у турму, калі пабачылі сваякоў і сяброў палітзняволенага.

«Мы прыйшлі, каб падтрымаць Дзмітрыя. Ніякіх сцягоў і транспарантаў не было. Людзі проста стаялі каля будынку лякарні, каб Дзіма пабачыў, што мы пра яго не забылі і вельмі хвалюемся за яго», – патлумачыла «Белсату» жонка зняволенага Вольга Бандарэнка. Жанчына гаворыць: яна нават і не здагадалася б, што ў шэрым мікрааўтобусе быў ейны муж, калі б да яе не падышоў невядомы чалавек у цывільным.

Гэты чалавек, як звычайна, не назваўся, але ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў, каб усе разышліся. Тлумачэнні, што людзі прыйшлі падтрымаць палітвязня маральна, плёну не далі. Як гаворыць Вольга Бандарэнка, медыкам было загадана спыніць афармленне пацыента, бо «Бандарэнку адвозяць назад». «Гэта падобна да параноі. Няўжо яны думалі, што мы кінемся адбіваць Дзіму?» – дзівіцца Вольга Бандарэнка.

Актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Юхневіч гаворыць, што падтрымаць лідара кампаніі сабраліся каля дзесяці чалавек. Міліцыянтаў такая праява салідарнасці, відаць, напалохала, зазначае актывіст: «Мы вырашылі не нерваваць іх і разысціся. Дзмітрыю патрэбная аперацыя, і не вельмі добра, што хворага чалавека будуць вазіць то ў лякарню, то ў турму толькі з-за таго, што канвойных нешта там спужала».

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка на мінулых прэзідэнцкіх выбарах быў даверанай асобай кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі. У турме ў Дзмітрыя Бандарэнкі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем: чатыры грыжы дыскаў хрыбетніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў. У чэрвені стан здароўя палітвязня пагоршыўся настолькі, што яго перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Аперацыя прызначаная на 26 ліпеня, праводзіць яе мусяць у 5-м менскім клінічным шпіталі.

belsat.eu

Стужка навінаў