Маўклівыя пратэсты пройдуць на рынках


«Народныя гулянні» перанясуцца на гарадскія рынкі. Гэтая ідэя належыць актывісту Вячаславу Дзіянаву. На ягоную думку, гэта дапаможа зацікавіць новых людзей, якія дагэтуль не выходзілі на вуліцы з пратэстамі. «Рынак вельмі складана перакрыць і там шмат выпадковых людзей, якія проста прыйшлі за пакупкамі, у тым ліку пенсіянеры. Да таго ж, мы можам зацікавіць прадпрымальнікаў. Абавязкова трэба пашыраць колькасць удзельнікаў», – мяркуе актывіст.

Прызначаны і іншы час сустрэчы – 13:00. У перспектыве Дзіянаў прапаноўвае сустракацца па суботах, каб было больш людзей. Некаторыя ўдзельнікі маўклівых акцыяў актыўна крытыкуюць новыя ідэі. «У такі час вельмі шмат людзей на працы, таму хто прыйдзе на акцыю? Наконт суботы таксама дрэнная ідэя, бо серада стала ўжо своеасаблівым сімвалам пратэстаў. Пра гэта шмат інфармацыі ў інтэрнэце, ва ўлётках. І людзі ведаюць, што трэба прыходзіць менавіта ў гэты дзень. Мы не паспяваем перастройвацца пад новыя фарматы кожны тыдзень», – кажа Андрэй Гладкі.

Апанентам маўклівых акцыяў ёсць экс-кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў. У сваіх інтэрв’ю ён адзначаў, што без палітычнага кантэксту такія пратэсты не маюць ніякага эфекту. Але новую ідэю арганізатараў ён упадабаў: «Са свайго досведу магу сказаць, што сустрэчы з простымі людзьмі на рынках – гэта вельмі эфектыўна. Тут важна, што ты ідзеш да людзей. Бо калі людзі ідуць да цябе са сваімі праблемамі – гэта значыць, што яны ўжо палітызаваныя». Палітык адзначае, што новая акцыя будзе паспяховаю, калі ўдзельнікі пачнуць размаўляць з пакупнікамі, прадпрымальнікамі. «Трэба спытаць пра іх праблемы, трэба аб’ядноўвацца. Бо калі дэманстранты прыйдуць на «Камароўку» проста памаўчаць, людзі нават не зразумеюць, у чым быў сэнс гэтай акцыі», – мяркуе Рыгор Кастусёў.

Існуе імавернасць, што ўлады перакрыюць рынкі. У такім выпадку арганізатары заклікаюць сустракацца ля цэнтральнага ўваходу. ГУУС Менгарвыканкаму пакуль не паведамляе, якою будзе стратэгія міліцыянтаў. Праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Зміцер Чарных адзначае, што апошнім часам паводзіны сілавікоў сталі менш брутальнымі. «Але міліцыянты працягваюць парушаць заканадаўства падчас затрыманняў на акцыях. Бо яны мусяць быць у форме, мусяць называцца. Казаць пра падставы для затрымання. Тлумачыць правы грамадзянаў, у тым ліку права не сведчыць супраць сабе і права на абаронцу. Ужыванне сілы робіцца імі таксама без законных падставаў», – зазначыў праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў