Апошні дзень на «выспе свабоды»


Ужо заўтра Партыя БНФ мусіць вызваліць офіс на пр. Машэрава, 8.

Шмат гадоў офіс партыі быў месцам сустрэчаў творчай інтэлігенцыі. Пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі ён зрабіўся месцам збору дапамогі арыштаваным 19 снежня. На думку кіраўніцтва партыі, менавіта гэта сталася прычынаю таго, што ўладальнік памяшкання – ЖРЭА Савецкага раёну – адмовіўся працягваць дамовы арэнды. Цягам паўгода гэтая справа вырашалася ў судзе. Але на ўсіх паседжаннях суд прымаў бок камунальнікаў. Паралельна з судовым працэсам партыйцы спрабавалі адстаяць свой офіс – праводзіліся адмысловыя вечарыны, дзе творчыя людзі выказвалі падтрыманне «выспе свабоды» – гэтак у народзе называюць памяшканне на пр. Машэрава, 8.

На меркаванне Генадзя Бураўкіна, закрыццё офісу сведчыць пра чарговыя антыбеларускія паводзіны ўладаў. «Офіс заўсёды быў выспай іншадумства, – заявіў паэт. – У апошні час відавочнае імкненне чынавенства выкараніць усялякія нацыянальныя і культурныя традыцыі. Гэтаксама яны зрабілі і з Домам літаратара, які цяпер належыць праўладнаму Саюзу пісьменнікаў».

Напярэдадні кіраўніцтва атрымала адразу шэсць пастановаў ад судовых выканаўцаў пра тое, што партыя мусіць вызваліць памяшканне. Сябра партыі Юрый Чавусаў заўважыў: «Яны так спяшаюцца выселіць нас з офісу, што ў дакументах пазначылі дату 26 чэрвеня, што было месяц таму. Праўда, зразумелі сваю памылку, і мы атрымалі новыя дакументы ўжо з заўтрашняю датаю».

Нягледзячы на гэта, пакідаць офіс партыйцы не збіраюцца. Што будзе заўтра, калі прыйдуць судовыя выканаўцы, кіраўніцтва пакуль не распавядае. «Пра гэта мы паведамім асобна на сённяшняй імпрэзе ўвечары», – кажа намеснік старшыні Рыгор Кастусёў.

Вядома, што высяляць Партыю БНФ будуць не камунальнікі. Старшыня ЖРЭА Савецкага раёну Анатоль Ярашэвіч кажа: «Мы на такія мерапрыемствы самі не выязджаем. Тут мы працуем толькі паводле рашэння суда і толькі з судовым выканаўцам». Камунальнікі плануюць зрабіць у офісе партыі разлікова-касавы цэнтр.

belsat.eu

Стужка навінаў