З аперацыйнага стала – у калонію?


Палітвязень Зміцер Банадарэнка рыхтуецца да аперацыі на хрыбетніку. «Спадзяюся, што аперацыя не будзе складаная для дактароў, але там патрэбная рэабілітацыя. Для паяснічнай грыжы – да шасці месяцаў, а мужу сказалі, што праз чатыры дні ён будзе ў турэмным шпіталі і максімум праз два тыдні – ізноў на «зоне», – распавяла «Белсату» Вольга Бандарэнка, жонка палітзняволенага.

Фактычна Змітру Банадарэнку ў вязніцы паставілі ўльтыматум – або аперацыя, або этап у калонію. Пры гэтым, паводле родных палітвязня, не правялі неабходных даследаванняў, не было кансультацыі з нейрахірургам. «Мне шмат хто кажа, што аперацыя не такая небяспечная, але я не баюся самой аперацыі, я давяраю лекарам, але я больш за ўсё асцерагаюся, што не будзе нармальнай рэабілітацыі», – гаворыць Вольга Бандарэнка. Яна ўпэўненая, што Змітру Бандарэнку ў такіх умовах пагражае інваліднасць.

«Я не ведаю, чаму не маглі зрабіць першы крок насустрач, бо Лукашэнка ж кажа: мы гатовыя іх выпусціць, «пасадзіць у вагон і адправіць»… Чаму б не зрабіць першы крок у дачыненні хворага чалавека? Або яны хочуць яго давесці да інваліднасці, каб ён назаўсёды забыўся, што такое барацьба, або гэта проста страх і помста ўсім і яму ў прыватнасці», – дадала Вольга Бандарэнка.

27 красавіка суд Першамайскага раёну Менску прыгаварыў Змітра Бандарэнку да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэксу (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх).

Пасля затрымання летась у снежні і ўтрымання пад вартай у Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У траўні яго агледзеў неўролаг, які заявіў, што зняволенаму патрэбная аперацыя – у яго дыягнаставалі чатыры грыжы дыскаў хрыбетніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў.

belsat.eu

Стужка навінаў