Масква: дзяўчаты «рвуць» і мыюць «за Пуціна»


Афіцыйна выбарчая кампанія яшчэ не распачалася, аднак папулісцкія спробы заваяваць сімпатыі выбарнікаў ужо набіраюць абароты.

Створаная «ВКонтакте» суполка «Армия Путина» цяпер налічвае амаль 4 тыс. прыхільнікаў – пераважна маладых дзяўчат. «Армія Пуціна – аб’яднанне маладых дзяўчат, якія «парвуць» за Пуціна! Навошта? Мы пакажам, што Уладзіміра Уладзіміравіча шмат хто падтрымлівае, у тым ліку прыгожыя, маладыя і разумныя дзяўчаты», – гаворыцца ў апісанні суполкі. Там жа пазначаецца, што яе мэта – абранне Пуціна прэзідэнтам Расеі. Удзельніцам суполкі прапаноўваюць дасылаць відэаролікі ў падтрымку цяперашняга прэм’ера нашай усходняй суседкі. Аўтарцы самага арыгінальнага роліка абяцаюць падарыць «iPad2».

Прыхільніцы Пуціна ўжо правялі некалькі акцыяў: у цэнтры Масквы яны зладзілі імправізаваны подыум, на які выходзілі ўдзельніцы суполкі. Адна з дзяўчат нават парвала на сабе кашулю перад журналістамі. Раней актывісткі бясплатна мылі машыны ў цэнтры расейскай сталіцы, пры гэтым некаторыя з іх мелі на сабе мінімум адзення. «Нас вельмі прываблівае гэты мужчына, палітык сваімі эканамічнымі ведамі, палітычнымі – ён у шматлікіх сферах разбіраецца добра, і мы б хацелі яго бачыць у якасці прэзідэнта», – распавяла адна з удзельніц акцыі.

«Гэтая акцыя цікавая не тым, што дзяўчаты неяк распранаюцца, а тым, што менавіта ў іхным роліку, які рэкламуе іхны рух, Пуцін называецца «нашым прэзідэнтам». Гэта новае слова, і за ім з’явяцца іншыя людзі, што пачнуць яго называць «нашым прэзідэнтам», хаця ён наш прэм’ер-міністр і нават яшчэ не заявіў пра тое, што хацеў бы стаць нашым прэзідэнтам яшчэ раз», – зазначае аналітык Маскоўскага цэнтру Карнэгі Марыя Ліпман.

На месцы правядзення акцыі “Армии Путина” таксама сабраліся некалькі інтэрнаўтаў у масках і скандыравалі “Я за новенький iPad что угодно порвать рад!”.

belsat.eu

Стужка навінаў