«Джын-тоніку» абвесцілі вайну?


У студзені 2011 года радыкальна зменяцца стаўкі акцызаў на шмат якія слабаалкагольныя напоі. Гэта зробіць іх вытворчасць немэтазгоднаю, бо акцыз падымецца ў тры разы.

Гаворка ідзе пра тыя напоі, якія вырабляюць шляхам змешвання вады, спірту, араматызатару і фарбавальніку. На слабаалкагольныя напоі, якія атрымліваюцца ў выніку натуральнага браджэння (сідар, піва, напрыклад), акцыз падымацца не будзе.

Ініцыятыва павышэння ставак належыць Міністэрству аховы здароўя. Загадчык аддзелу наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Андрэй Капытоў заяўляе: “Гэтыя алкагольныя напоі іначай як “гадасцю” і не назавеш. Мы маем сур’ёзны намер змагацца з залежнасцю людзей ад недарагіх слабаалкагольных напояў. Як правіла, менавіта з такіх “джын-тонікаў” і пачынаецца цяга да алкаголю, асабліва гэта тычыцца моладзі”.

Вытворцы слабаалкагольных напояў з аргументамі Міністэрства аховы здароўя не пагаджаюцца. “Слабаалкагольныя напоі, калі іх ужываць ва ўмеранай колькасці, ніякай шкоды спажыўцу не прыносяць. А калі злоўжываць, дык любы напой можна назваць “гадасцю”, нават безалкагольны, – выказаў думку ў інтэрв’ю “Белсату” прадстаўнік кампаніі “Крыніца”. – Калі чыноўнікі хочуць змагацца з п’янствам, то вайну трэба аб’яўляць не “джын-тонікам”, а пладова-ягадным вінам – так званаму “чарнілу”. Вось гэта сапраўдная “гадасць”, з-за якой співаецца народ”.

Інфармацыі пра тое, што на продаж пладова-ягадных вінаў увядуць абмежаванні, пакуль няма.

belsat.eu

Стужка навінаў