Мілінкевіч: Калі ўлада не пачне рэформы, то адбудзецца сацыяльны выбух


Выступаючы ў Магілёве на ўстаноўчым сходзе абласнога аддзялення арганізацыі палітык указаў, што бачыць тры варыянты развіцця падзей у краіне: продаж уладамі ўсёй дзяржаўнай уласнасці Расеі, што стане стратаю незалежнасці; спроба распачаць дыялог з Еўрасаюзам; поўная ці частковая самаізаляцыя Беларусі, што таксама прывядзе да залежнасці ад Масквы.
“Для нас найлепшы варыянт — рэфармаванне эканомікі”, — сцвярджае Мілінкевіч. Што да дыялогу з Захадам, то лідар руху “За Свабоду” ўпэўнены: Еўропа не будзе весці дыялог з беларускімі ўладамі, пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітзняволеныя.
Паводле Мілінкевіча, апазіцыя павінна стаць у вачах народа суб’ектам палітыкі. “Страчаныя Лукашэнкам людзі пакуль да нас не прыйшлі, — канстатаваў ён. — Мы не сталі для народа альтэрнатываю цяперашняй улады”.
Змену сітуацыі Аляксандр Мілінкевіч звязвае са стварэннем шырокага аб’яднання апазіцыі. Адной з функцый руху “За Свабоду” ён бачыць у ініцыяванні такога аб’яднання. Пасля ўзначаленая ім арганізацыя, у якую цяпер уваходзяць прыкладна тысяча чалавек па ўсёй Беларусі, паводле меркавання яе лідара, можа стаць ініцыятарам стварэння шырокай правацэнтрысцкай партыі, якая аб’яднае “праеўрапейскія, прабеларускія сілы”.
Палітык станоўча ацаніў акцыі маўклівага пратэсту, якія арганізуюцца праз сацыяльныя сеткі. Разам з тым ён лічыць, што апазіцыйныя лідары пакуль не павінны нейкім чынам спрабаваць узначаліць гэты рух пратэстаў. “Гэта ўзмацняе нас усіх. Мы дапамагаем сеткам. У нас з імі цесны кантакт”, — заявіў Мілінкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў