Забойца 92 чалавек пакінуў у “Twitter’ы” шматзначную фразу


Паліцыя арыштавала здзяйсняльніка адразу дзвюх тэрактаў, якія здарыліся ў Нарвегіі ўчора, 22 ліпеня.

32-гадовы нарвежац Андэрс Бэрынг Брэйвік (Anders Behring Breivik), які распачаў страляніну па ўдзельніках моладзевага летніку, што на востраве Утэя (Utøya, на паўночны захад ад Осла) зладзіла кіроўная Лейбарысцкая партыя Нарвегіі. Моладзь у паніцы кідалася ў мора, спрабуючы даплыць да мацерыка. Загінулі 85 чалавек, колькасць параненых пакуль невядомая.

Брэйвіка таксама абвінавачваюць у здзяйсненні выбуху ва ўрадавым квартале Осла, у выніку якога загінулі сем чалавек. Выбух прагрымеў за некалькі гадзінаў да страляніны на востраве. Паводле сведкаў, падчас абодвух злачынстваў Брэйвік быў пераапрануты ў паліцыйную форму.

У гатэлі суседняй вёскі Сундвален (Sundvollen) паліцыя сабрала сведкаў трагедыі на допыт ды сваякоў ахвяраў на апазнанне целаў загінулых. Кароль Нарвегіі Гаральд (Harald), каралева Соня (Sonja) і наследны прынц Гокан (Haakon), а таксама прэм’ер-міністр краіны Енс Стольтэнбэрг (Jens Stoltenberg) наведалі гатэль, каб суцешыць пацярпелых, іхных сваякоў і блізкіх ахвяраў трагедыі.

У пошуках ахвяраў паліцыя абследавала востраў і возера вакол яго. Вядзецца правяранне паводле заяваў сведак аб тым, што Брэйвік мог мець саўдзельнікаў.

Позна ўвечары ў пятніцу аказалася, што старонка Брэйвіку на “Facebook’у” заблакаваная. У раздзеле “інтарэсы” на ёй былі пералічаны бодзібілдынг, кансерватыўная палітыка і масонства. Забойца таксама стварыў рахунак у “Twitter’ы”, дзе 17 ліпеня змясціў адзіную зацемку: “Адзін чалавек з цвёрдымі перакананнямі ў сіле роўны ста тысячам, якія маюць толькі інтарэсы”. (“One person is equal to the force of 100 000 who have only interests”.)

belsat.eu

Стужка навінаў