Вяселле ў калоніі: Чырвоная сукенка. Фота і відэа нельга


У пятніцу, 22 ліпеня, у Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” меўся адбыцца шлюб палітвязня Паўла Вінагардава і ягонай дзяўчыны Святланы Гарохавік. “Белсат” сачыў за зборамі нявесты.

Святлана выбрала чырвоную сукенку, бо палічыла, што белая ў няволі будзе выглядаць недарэчы. Цырымонія нядоўгая: «У адміністрацыі мне сказалі, што 5–7 хвілінаў гэта зойме. А пасля нам дадуць спатканне», – распавяла Святлана Гарохавік.

Фатаграфаваць і здымаць на відэа забаронена. Магчыма, здымкі зробяць працаўнікі калоніі ды дазволяць узяць некалькі. Спатканне сужэнцаў будзе цягнуцца тры дні, астатнія госці маюць пакінуць тэрыторыю. Статус жонкі дасць дзяўчыне права на 3 працяглыя і на 3–4 непрацяглыя спатканні на год.

«Цяпер у мяне адно-адзінае жаданне, самае вялікае – гэта ўбачыць Пашу і абняць яго. Таму астатняе ўсё, усе астатнія турботы адыходзяць на другі план, і я пра гэта не думаю», – сказала Святлана перад выездам.

Актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Павел Вінаградаў асуджаны па справе 19 снежня на 4 гады зняволення.

belsat.eu

Стужка навінаў