Пасярэднікі: Green Card ліквідуюць з прычыны махлярства


Амерыканцы хочуць скасаваць візавую латарэю Green Card. Адпаведны законапраект мае разгледзець Кангрэс ЗША.

Законапраект унёс на разгляд Юрыдычны камітэт ЗША. Рэспубліканская большасць у кангрэсе падтрымлівае адмену Green Card.

Латарэя давала шанец на бязвізавы ўезд, перабыванне і працу ў ЗША для грамадзянаў розных краінаў свету. Праз пяць гадоў жыцця ў Амерыцы людзі атрымлівалі права звярнуцца па атрыманне амерыканскага грамадзянства. Папулярнасць латарэі – каля 15 мільёнаў удзельнікаў за апошні год – звязаная з тым, што для ўдзелу ў ёй дастаткова адправіць анкету ўсіх сваіх сямейнікаў.

Падкамісія ў справе іміграцыі кангрэсу ЗША вырашыла, што мэта латарэі – разнастаіць плынь мігрантаў – дасягнутая. “З пачатку правядзення латарэі ў 1995 годзе ў ЗША прыехалі каля 785 тысяч чалавек, – паведамілі ў амбасадзе ЗША у Беларусі. – Аднак казаць пра адмену латарэі яшчэ рана. Рашэнне не прылі, таму беларусы могуць адпраўляць свае заяўкі і цяпер”.

Беларускія арганізацыі, якія прапаноўваюць паслугі пасярэднікаў пры афармленні анкеты, таксама не спыняюць сваёй працы. Яны кажуць, што будуць працаваць да апошняга кліента. “Вы можаце проста цяпер аформіць анкету, – паведамілі ў “ЦэнтрГрынКард”. – Афармленне стандартнай заяўкі каштуе 70 тысяч рублёў з чалавека”.

Адной з асноўных прычынаў адмены латарэі называюць махлярства. Гэта на ўмовах ананімнасці прызнаюць і супрацоўнікі кампаніяў-пасярэднікаў. Паводле непацверджанай інфармацыі, апошнім часам шмат выйграванак фіксавалася ў горадзе Масты Гарадзенскай вобласці, адкуль літаральна за два гады з’ехалі паўсотні ахвотных.

belsat.eu

Стужка навінаў