Сваякі палітвязняў патрабуюць разабрацца з асобамі ў цывільным


Грамадзянская ініцыятыва «Вызваленне» патрабуе разбору па фактах затрымання грамадзянаў нявысветленымі асобамі.

Акрамя таго, «Вызваленне» патрабуе «ўсебаковага аб’ектыўнага разгляду бясчынстваў на вуліцах Менску, учыненых «нявысветленымі» асобамі ў цывільным, выкрадання мірных грамадзянаў і наступнага іхнага ж асуджэння, а таксама безумоўнага пакарання асобаў, вінаватых у гвалце над грамадзянамі Беларусі».

У якасці прыкладу аўтары заявы прыводзяць факт затрымання 20 ліпеня ў цэнтры Менску невядомымі асобамі ў цывільным Алены Ліхавід, маці палітвязня Мікіты Ліхавіда. «21 ліпеня, парушаючы ўсе прававыя нормы, яе асудзіў суд Цэнтральнага раёну Менску на 10 дзён адміністратыўнага арышту. Суддзя Вайцяховіч палічыла доказы шасці здаравенных бугаёў, якія «храбра» захапілі адну жанчыну, пераканаўчымі. Мала для нашай улады месяцамі трымаць у карцары ейнага сына Мікіту Ліхавіда, трэба яшчэ задушыць волю ягоных родных, прадэманстраваць сілу, ізаляваць ад грамадства», – гаворыцца ў заяве.

Актывісты «Вызвалення» паведамляюць, што цягам апошняга месяца былі арыштаваныя Марына Лобава (маці палітзняволенага Эдуарда Лобава) і Таццяна Севярынец (маці апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца).

Грамадзянская ініцыятыва «Вызваленне» была створаная напрыканцы мінулага года сваякамі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў