Прысуды Някляеву і Дзмітрыеву пакінулі без зменаў


Менскі гарадскі суд пакінуў без змены выракі экс-кандыдату на прэзідэнцтва Беларусі Уладзіміру Някляеву і кіраўніку яго выбарчага штаба Андрэю Дзмітрыеву, вынесеныя судом Фрунзенскага раёну сталіцы.

Такое рашэнне прыняла 22 ліпеня калегія Менгарсуда пад старшынствам Сяргея Хрыпача. 20 мая суд Фрунзенскага раёна пакараў Някляева двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання прысуду на два гады, Дзмітрыева — да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Перад тым як суддзі пайшлі на нараду для вынясення рашэння, Някляеў заклікаў іх “зрабіць першы крок да справядлівай Беларусі”.

“Усе разумеюць, што адбывалася ў дзень выбараў: кандыдата ў прэзідэнты збілі прадстаўнікі спецслужбаў. Гэта дзяржаўнае злачынства, яно не мае тэрмінаў даўнасці, вінаватых будуць судзіць згодна з законам”, — сказаў палітык.

Ён падкрэсліў, што ў суда ёсць магчымасць “выйсці з пераліку асобаў, якія будуць адказваць за сённяшнія падзеі ў краіне, за моладзь, якую пасадзілі ў турму”.

Раней Менгарсуд пакінуў без змены прыгаворы экс-кандыдатам на прэзідэнцтва Андрэю Саннікаву, Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Вусу, а таксама іншым фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г.

belsat.eu

Стужка навінаў