Калінкіна: Маўклівыя акцыі не могуць быць шматтысячнымі


https://youtu.be/DkpWj0REKao
«Калі на вуліцу выходзяць сотні тысячаў людзей, яны ўжо маўчаць не мусяць. Мне падаецца, што некаторыя аналітыкі проста чакалі ад гэтых акцыяў таго, чаго яны ні ў якім разе не маглі даць», – мяркуе намесніца рэдактара газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна.

Апошняя акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» сабрала значна меней удзельнікаў, чымсьці папярэднія: у сталіцу на яе прыйшлі каля сотні чалавек, у іншых гарадах – толькі дзясяткі. Аналітыкі і журналісты не хавалі расчаравання: маўклівыя пратэсты гаснуць…

З імі не згаджаецца намесніца рэдактара газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна. Яна лічыць, што галоўны сэнс гэтых акцыяў – не масавасць: «Гэта сімвал таго, што ёсць незадаволеныя людзі, і яны ў сваёй краіне хочуць выходзіць туды, куды яны хочуць, тады, калі яны хочуць, і калі ім не даюць магчымасць выказацца, яны будуць маўчаць, але гэтае маўчанне зразумела ўсім, не толькі ў Беларусі, але і ў свеце».

Журналістка адзначае, што менавіта на гэта зрэагавалі ўсе міжнародныя медыі. «Маўклівы пратэст – гэта трагізм, гэта вельмі незвычайна. Ён не павінен быць шматмільённы. Калі на вуліцу выходзяць сотні тысячаў людзей, яны ўжо маўчаць не мусяць. Мне падаецца, што некаторыя аналітыкі проста чакалі ад гэтых акцыяў таго, чаго яны ні ў якім разе не маглі даць».

Паводле Святланы Калінкінай, галоўнае, чаго баяцца ўлады, што ўсё насельніцтва Беларусі бачыць прыклад, як дзеяць у выпадку, калі табе дапякло. З юрыдычнага гледзішча гэта не мітынгі, не пікеты, не масавыя акцыі, падкрэслівае яна. Тым не менш, «такія акцыі заўсёды давалі плён. Ён можа не сённяшні быць. Але яны змагаюцца са страхам у грамадстве».

«Мне падаецца, важна, каб яны проста былі. Добра было б, каб у іх удзельнічалі знакавыя людзі. Калі б выйшаў, напрыклад, Ніл Гілевіч, я думаю, што шмат хто рэагаваў бы на гэтага сівавалосага, вельмі немаладога, вельмі аўтарытэтнага чалавека, які сёння ёсць сумленнем нацыі», – лічыць журналістка.

Яна зазначае, што акцыі маўклівага пратэсту – гэта не ноў-хаў беларусаў, яны выкарыстоўваліся ў розных краінах: «У тым ліку, у Савецкім Саюзе, калі дысідэнты выходзілі на плошчу ў пэўны час, маўчалі, здымалі капелюшы і разыходзіліся. Нават у Савецкім Саюзе іх не хапалі. Ноў-хаў, напэўна, у тым, што ўлады Беларусі гэтак рэагуюць. Думаю, гэта сведчыць пра слабасць уладаў і няўпэўненасць у сённяшнім і заўтрашнім дні», – падсумавала намесніца рэдактара газеты «Народная воля».

Агулам у акцыях маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», якія праходзяць у розных гарадах краіны што сераду, паўдзельнічалі тысячы беларусаў, болей за дзве тысячы былі арыштаваныя, у тым ліку, 30 чалавек – падчас апошняй.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары