Каб перашкодзіць акцыі "Стоп-бензін", у Менску перакрылі рух


Акцыя “Стоп-бензін” супраць трохпрацэнтнага павышэння цэн на паліва сабрала ў Менску каля ста чалавек. Міліцыянты перакрылі праспект Незалежнасці, каб перашкодзіць яе правядзенню. Кіроўцы аўтаў, якія ехалі па іншых вуліцах, запавольвалі рух і ўключалі аварыйныя сігналы.

За некалькі гадзін да пачатку акцыі галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Менгарвыканкама папярэдзіла аўтамабілістаў аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за ўдзел у ёй. Зварот быў змешчаны на афіцыйным сайце ведамства.

Акцыя аўтамабілістаў супраць павышэння цэн на паліва, якая прайшла 7 чэрвеня ў Менску, паралізавала на дзве гадзіны рух на ўчастку праспекта Незалежнасці ад плошчы Перамогі да Галоўпаштамта. У выніку міліцыя затрымала чатырох удзельнікаў акцыі — Дзмітрыя Кавалгіна, Паўла Груздзіловіча, Алесю Макась і Аляксандра Рэдзькіна, якіх праз суткі суд прызнаў вінаватымі на падставе артыкула 23.34 КоАП (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і пакараў штрафамі ў 15—20 базавых велічынь (525 і 700 тыс. рублёў адпаведна).

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка правёў экстранную нараду па актуальных пытаннях эканомікі, дзе запатрабаваў знізіць цэны на паліва. 9 ліпеня цэны паменшыліся на 13—22%.

17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі Лукашэнка паведаміў, што распарадзіўся знізіць цэны на бензін з-за эканамічнай мэтазгоднасці, а не ў сувязі з грамадскімі пратэстамі. Акрамя таго, афіцыйны лідар, паводле яго слоў, заявіў міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову: “Яшчэ адна акцыя — і ты без пагонаў”.

21 ліпеня канцэрн “Белнафтахім” павялічыў рознічныя цэны на нафтапрадукты ў сярэднім на 3%. Цяпер кошт бензіну “Нармаль-80” складае 4.120 рублёў (быў 4.000; рост на 3%), АІ-92 — 4.330 (4.200; +3,1%), АІ-95 — 4.650 (4.500; +3,3%), дызельнага паліва — 4.580 (4.450; +2,9%).

18.50.
Агароджаны сігнальнымі міліцэйскімі тычкамі і закрыты для праезду ўчастак праспекта Незалежнасці: ад скрыжавання з вуліцай Казлова да плошчы Перамогі. Па гэтай частцы праспекта супрацоўнікі ДАІ прапускаюць толькі грамадскі транспарт. Аўтамабілі, якія накіроўваюцца з гэтага скрыжавання ў бок плошчы Якуба Коласа, перыядычна сігналяць. На скрыжаванні ўтварылася калона машын, многія аўтамабілі сігналяць. Пры гэтым на аўтамабілях не відаць ні белых стужачак, ні налепак, якія пазначаюць, што вадзіцелі з`яўляюцца ўдзельнікамі акцыі.

19.20.
На вуліцы Якуба Коласа, недалёка ад офіса Нацыянальнага алімпійскага камітэта, знаходзіцца эвакуатар. Рух аўтамабіляў, што рухаюцца з боку плошчы Перамогі ў бок плошчы Якуба Коласа, рэгулююць супрацоўнікі ДАІ, нягледзячы на святлафоры, якія працуюць. Машыны, што едуць па праспекце з боку Акадэміі навук, не пускаюць на плошчу Якуба Коласа. Супрацоўнікі ДАІ заварочваюць машыны на прылеглую да праспекта вуліцу Якуба Коласа. На тратуарах уздоўж праспекта шмат патрульных міліцыянераў. Супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным стаяць уздоўж тратуараў. Невядомыя ў цывільным здымаюць аўтамабілі, што праязджаюць, на відэакамеру. Перыядычна аўтамабілі сігналяць.

19.35.
Рэдакцыйны аўтамабіль газеты “Наша ніва” “набраўся нахабства і праскочыў праспектам да Акадэміі навук. Праспект чысты, праз кожныя 20 метраў стаяць “ціхары” з відэакамерамі”, паведамляе выданне.

19.40.
Аўтамабілі, што праязджаюць па прылеглых да праспекта Незалежнасці вуліцах (Казлова, Чырвоная, пр. Машэрава), перыядычна сігналяць. Выезд на праспект у гэтым раёне перакрыты. Аўтамабілі, што перасякаюць яго, таксама сігналяць. З некаторых машын праз адкрытыя вокны чутная музыка — вадзіцелі ўключаюць песні “забароненых” музыкантаў — гуртоў “Ляпіс Трубяцкой”, N.R.M. і інш. У некаторых аўтамабілях можна бачыць лісткі з надпісам “Стоп — бензін!”. Міліцыі ў форме, за выключэннем супрацоўнікаў ДАІ, якія абмяжоўваюць рух на праспекце, не бачна. Пры гэтым у раёне правядзення акцыі шмат людзей у цывільным, з мабільнымі рацыямі, а таксама з відэакамерамі. Аўтамабілі, якія едуць па вуліцы Якуба Коласа ў бок цэнтра, паварочваюцца да Камароўскага рынку.

19.45.
У раёне плошчы Перамогі праспект Незалежнасці адкрыты для аўтамабільнага руху.

20.00.
Цэнтр горада адкрыты для руху транспарту. Паводле ацэнкі карэспандэнтаў БелаПАН, удзельнікамі акцыі пратэсту ў цэнтры горада сталі не менш чым 100 аўтамабілістаў.

belsat.eu

Стужка навінаў