Продаж «Белтрансгазу» адклалі да восені


«Перамоўны працэс ідзе цяжка», – канстатаваў старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасці Георгій Кузняцоў на прэс-канферэнцыі ў Менску 21 ліпеня.

Завяршэнне ўгоды продажу 50 % акцыяў ААТ «Белтрансгаз» адклалі да восені. «Калі б гаворка ішла толькі пра дамову куплі-продажу, то праблемаў бы вялікіх не было. Але на гэтую дамову навешаныя іншыя ўмовы: тарыфы, аб’ёмы», – патлумачыў Георгій Кузняцоў.

Раней старшыня праўлення ААТ «Газпром» Аляксей Мілер заяўляў па выніках адной з апошніх размоваў з першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам, што беларускі бок працягвае звязваць падпісанне дакументаў наконт «Белтрансгазу» з узгадненнем умоваў новага кантракту на пастаўку газу ў Беларусь.

Няма пакуль дамоўленасці і наконт кошту 1 % акцыяў супольнага ТАА «МТС». Беларусь ацэньвае яго на 960–970 млн долараў. Расейцы, паводле старшыні Дзяржаўнага камітэту маёмасці, прапанавалі выкупіць кантрольны пакет за 400–500 млн долараў. Пры гэтым ён зазначыў, што прадавец ставіць задачу ацаніць актывы па максімуме, патэнцыйны ж пакупнік заўсёды прапаноўвае мінімальную суму, аднак у працэсе перамоваў цана звычайна выраўноўваецца.

Георгій Кузняцоў заявіў, што працэсу прыватызацыі ў Беларусі перашкаджаюць кіраўнікі прадпрыемстваў і мясцовыя ўлады. Паводле яго, першыя зразумелі, што з прыходам новых уласнікаў могуць пазбавіцца сваіх пасадаў, бо не змаглі забяспечыць эфектыўную працу.

«І цяпер яны пачынаюць бударажыць калектывы, запалохваць, зрываць конкурсы і аўкцыёны. Так, напрыклад, было на Лідскім заводзе харчовых канцэнтратаў, які спрабавалі прадаць па конкурсе, на ўмовах, вылучаных канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». Але калі дайшла справа да конкурсу, калі з’явіліся добрыя інвестары, у якіх вялікія рынкі збыту, конкурс сарваўся», – паведаміў Кузняцоў.

Калі ж справа і даходзіць да продажу, пакеты акцыяў усё роўна застаюцца нерэалізаванымі. Адна з прычынаў, паводле старшыні Дзяржаўнага камітэту маёмасці, заключаецца ў тым, што міністэрствы і ведамствы выстаўляюць фінансавыя ўмовы, якія палохаюць інвестараў.

belsat.eu

Стужка навінаў