Валер Фралоў. "Салідарныя з палітвязнямі"


Генерал Валер Фралоў даслаў на скрыню “Белсату” відэаролік са словамі падтрымання беларускіх палітвязняў. “Мужыкі, вы цяпер у турме. Я большасць з вас асабіста ведаю і з павагаю да вас стаўлюся ды ведаю, за што вы пацярпелі – за будучыню нашай цудоўнай Беларусі”, – заявіў генерал Фралоў.

У межах спецыяльнай акцыі тэлеканалу “Белсат” больш за 30 вядомых асобаў Беларусі ды свету выступяць з пасланнямі да беларускіх палітычных зняволеных.

Кароткія ролікі будуць паказваць на тэлеканале штодня пасля галоўнага выдання “Аб’ектыву” а 21:25, а таксама пасля паўтораў галоўнага выдання інфармацыйнай праграмы “Белсату” напрыканцы эфіру і раніцаю а 7:20. Кліпы таксама будуць размешчаныя на сайце тэлеканалу www.belsat.eu.

Гледачы і прыхільнікі “Белсату” могуць далучыцца да акцыі ды прыслаць свае ролікі са словамі падтрымання беларускіх палітзняволеных на адрас salidarnasc@belsat.eu. Ліст мае ўтрымліваць вашую пісьмовую згоду на бязвыплатнае змяшчэнне відэазвароту на старонцы www.belsat.eu, а таксама ў эфіры тэлеканалу.

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе за палітычныя погляды можна трапіць у турму. Гэтак, 19 снежня падчас мірнай дэманстрацыі арыштавалі каля 700 чалавек. 35 асобаў абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, у тым ліку экс-кандыдатаў на прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў