У МУС прызначаць апекуна журналістаў


– паведаміў прадстаўнікам Беларускай асацыяцыі журналістаў намеснік міністра ўнутраных справаў Яўген Палудзень.

“Нам сказалі, што новую пасаду ўвядуць цягам аднаго-паўтара месяца. Гэты чалавек будзе адказваць за ўзаемадзеянні з журналістамі падчас масавых акцыяў”, – распавёў “Белсату” намеснік старшыні журналісцкай арганізацыі Андрэй Бастунец. Сустрэча з палкоўнікам Яўгенам Палудзенем адбылася на ініцыятыву БАЖ: арганізацыя неаднаразова звярталася да кіраўніцтва МУС з прапановай “абмеркаваць праблемы ўзаемадачыненняў журналістаў і працаўнікоў міліцыі на масавых акцыях”.

“Сёння мы таксама імкнуліся высветліць, дык як жа неабходна абазначыць сябе журналістам, каб міліцыянты і невядомыя ў цывільным не блыталі іх са звычайнымі мінакамі, не закрывалі аб’ектывы фота- і тэлекамераў, не затрымлівалі рэпарцёраў і не перашкаджалі працаваць”, – гаворыць Андрэй Бастунец. Ці будуць гэта спецыяльныя камізэлькі (такая прапанова прагучала ад намесніка міністра) альбо бэджы вызначанага ўзору, вырашылі абмеркаваць на супольнай нарадзе прадстаўнікоў МУС і журналісцкай супольнасці. Яна мае адбыцца адразу ж пасля з’яўлення у МУС “адказнага за ўзаемадзеянні з журналістамі”.

Паводле падлікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, падчас маўклівых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне затрымалі болей як 70 беларускіх і замежных рэпарцёраў. “Канечне, чакаць, што апасля сённяшняга візіту ў МУС сітуацыя адразу кардынальна зменіцца, не выпадае. Аднак радуе тое, што адносіны да журналістаў, няхай марудна і са скрыгатам, але вяртаюцца ў прававое рэчышча. Спадзяюся, што гэты працэс будзе мець працяг”, – падсумоўвае Андрэй Бастунец.

belsat.eu

Стужка навінаў