Пайшоў з жыцця кардынал Казімір Свёнтак


На 96-м годзе жыцця памёр апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі кардынал Казімір Свёнтак. Пахаванне кардынала адбудзецца 25 ліпеня ў Катэдры Пінску.

Як паведамляе афіцыйны сайт Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі (www.catholic.by), кардынал памёр у пінскай больніцы, дзе быў з 10 сакавіка.

Казімір Свёнтак нарадзіўся 14 кастрычніка 1914 года ў Валзе (Эстонія). Калі яму было ўсяго тры гады, ягоную сям’ю саслалі ў Сібір. Пазней яму ўдалося скончыць Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. У 1939 годзе ў гэтым горадзе яго высвяцілі на святара і накіравалі ў Пружанскую парафію. Аднак пачаліся чарговыя ганенні з боку савецкіх уладаў. Свёнтка арыштавалі паводле абвінавачання ў шпіянажы і асудзілі на смерць, але вайна, што пачалася ў 1941 годзе, перашкодзіла прывесці прысуд у выкананне. Пазней, у 1944 годзе, маладога святара ізноў арыштавалі і прысудзілі да 10 гадоў лагераў у Сібіры.

Выйшаўшы на волю ў 1954 годзе, ён вярнуўся ў Пінск. Дзякуючы Казіміру Свёнтку быў адрэстаўраваны Пінская катэдра, якая стала адною з першых адноўленых святыняў Беларусі.

Канец 1980-х і пачатак 1990-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі. У 1991 годзе папа Ян Павал ІІ прызначыў Свёнтка мітрапалітам Менска-Магілёўскай метраполіі ды апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы метрапаліт пачаў сваё біскупскае служэнне. У 1994 годзе ён атрымаў тытул кардынала. У 1999 годзе ў гэтым статусе яго абралі першым прэзідэнтам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

У 2004 годзе папа Ян Павал II асабіста ўручыў яму спецыяльную ўзнагароду інстытуту Паўла VI у горадзе Брэшыя (Італія) – “Fidei testis” (“Сведка веры”).

У чэрвені 2006 года папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, пададзенае Казімірам Свёнткам.

belsat.eu

Стужка навінаў