“Стоп бензін”. Вяртанне


На вуліцы беларускіх гарадоў ізноў выязджаюць прыхільнікі акцыі “Стоп бензін”. Аўтамабілісты будуць пратэставаць супраць росту цэнаў на паліва. Нагадаем, учора “Белнафтахім” падняў кошты на 3 %.

Сцэнар акцыі будзе такім самым, як папярэдняй, якая адбылася 7 чэрвеня. Тады аўтамабілісты, абураныя павышэннем кошту бензіну на 30 %, паралізавалі рух на праспекце Незалежнасці ў сталіцы. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка загадаў часткова адкруціць цэны назад і папярэдзіў, што з міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова будуць знятыя пагоны пры паўтарэнні акцыі.

Сённяшняя акцыя ў Менску мае распачацца а 19:20, калі ўдзельнікі выедуць на праспект Незалежнасці, каб а 19:30 сустрэцца на ўчастку паміж плошчай Перамогі ды цыркам і пачаць 15-хвілінны “рамонт” свайго аўтамабіля на праезнай частцы.

Сімвалам сённяшняга пратэсту мусіць стаць белая стужка на машыне. “Налепкі “Стоп бензін” могуць прыцягнуць залішнюю ўвагу праваахоўных органаў”, – тлумачаць арганізатары акцыі ў інтэрнэце.

А вось дырэктар інфармацыйна-асветнай установы «За аўта» Арцём Шаркоў, які лічыўся ініцыятарам папярэдніх акцыяў, заявіў, што фармальна не мае дачынення да арганізацыі пратэстаў: “Так, я, вядома ж, ведаю, што аўтамабілісты будуць выязджаць на вуліцы ўсіх буйных гарадоў краіны, – заявіў ён. – Мы абураныя ростам цэнаў, але падкрэсліваю, што ні я, ні нашая арганізацыя не з’яўляюцца арганізатарамі ніякіх акцыяў”.

belsat.eu

Стужка навінаў