"Белнафтахім" у сярэднім на 3% павысіў рознічныя цэны на паліва


Паводле звестак прэс-службы канцэрну, кошт бензіну “Нармаль-80” складае 4 120 руб. (быў 4 000; рост на 3 %), Аі-92 – 4 330 (4 200; + 3,1 %), Аі-95 – 4 650 (4 500; + 3,3 %), дызельнага паліва – 4 580 (4 450; + 2,9 %).

Цэны павялічыліся “ў адпаведнасці з рашэннем камісіі ў пытаннях імпарту энергарэсурсаў” дзеля “паэтапнага ўраўноўвання цэнаў на тавары ў краінах Мытнага саюзу”. У канцэрне зазначаюць, што новыя цэны “ніжэйшыя за ўзровень аналагічных цэн у Расеі на 2–8 %”.

Сёлета цэны на паліва павышаліся 3 сакавіка (у сярэднім на 5 %), 31 сакавіка (на 10 %), 24 траўня (на 20 %) і 7 чэрвеня (на 30 %). 9 чэрвеня на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала наступным днём пасля масавай акцыі менскіх аўтамабілістаў “Стоп бензін”, цэны знізіліся на 13–22 %.

“Давайце дамовімся: паліва з заўтрашняй раніцы будзе не 5 200–5 100, а максімум 4 500 руб., – сказаў Лукашэнка на экстраннай нарадзе аб актуальных пытаннях эканомікі. – Таму можаце ісці і абвесціць усім: 4 500 – гэта максімум, гэта я бяру самы дарагі бензін. Ад гэтага будзем лічыць і дызельнае паліва, і больш танны бензін, нізкаактанавы”.

Як заявіў тады беларускі кіраўнік, у далейшым цана на бензін не будзе павяличвацца рэзка, а будзе прывязаная да курсу долара: “І да 1 студзеня, калі ў нас будзе курс не то 5 000, не то 4 500: калі 4 500 – такім і застанецца, калі 5 000 – значыць, да 1 студзеня будзеце працаваць па цэнаўтварэнні, у квартал дадаючы па 2–3 %, калі гэта будзе патрэбна. Але не на 30 %”.

belsat.eu

Стужка навінаў