“Прыведзены ў выкананне”


У Беларусі прывялі ў выкананне два смяротныя выракі – расстралялі дваіх жыхароў Горадні, асуджаныя летась да найвышэйшай меры.

Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыку асудзілі за забойства, здзейсненае з асабліваю жорсткасцю. Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка памілаваць гарадзенцаў адмовіўся.

“Беларусь упарта не жадае далучацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў ды ігнаруе патрабаванні ААН увесці мараторый на смяротнае пакаранне”, – адзначае прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. Праваабаронца адзначае, што ўсе абяцанні ўлады звярнуць увагу на гэтую праблему, даваліся дзеля папулісцкіх і палітычных мэтаў. Ні парламент, ні прэзідэнт нават не распачалі рыхтаваць адпаведныя нарматыўныя і прававыя акты, якія выключаюць ужыванне смяротнага пакарання ў краіне.

Гары Паганяйла дадае, што ў Беларусі на тое дастаткова было б палітычнай волі “першай асобы дзяржавы”: “Аднак Лукашэнку, імаверна, праз псіхалагічны складу ягонага характару, падабаецца адчуваць сябе “вершителем человеческих судеб” – дараваць ці забіраць жыцці людзей”.

Лідар грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Тамара Сяргей дадае, што ў краіне з недасканалаю судоваю сістэмай, якая існуе ў Беларусі, ужыванне смяротнага пакарання пазбаўляе магчымасці выправіць дапушчаныя правасуддзем памылкі: “Як паказвае практыка, папярэдняе расследаванне ў нас застаецца на вельмі нізкім узроўні. Суд таксама неналежным чынам выконвае свае абавязкі ў справе ўсталяванні праўды”.

Юрыстка ўказвае і на тое, што ў Беларусі адсутнічае апеляцыйная інстанцыя. Калі справа асуджанага да найвышэйшай меры поўнасцю пераглядаецца на вышэйшым узроўні ды іншым складам суда. “Калі сыходзіць толькі з юрыдычных аспектаў і заплюшчыць вочы на рэлігійныя і чалавечыя каштоўнасці, то і тады найвышэйшая мера не мусіць ужывацца ў Беларусі”, – падсумоўвае Тамара Сяргей.

belsat.eu

Стужка навінаў