Генпракурор пра маўклівыя пратэсты: Сітуацыя будзе выраўноўвацца


Рыгор Васілевіч заявіў, што на несанкцыянаваных акцыях працаўнікі органаў унутраных справаў мусяць быць у форме і не перашкаджаць журналістам.

На прэсавай канферэнцыі 20 ліпеня ў Менску генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч выказаў спадзеў, што міліцыянты будуць прытрымлівацца заканадаўства падчас працы на несанкцыянаваных акцыях.

«Я таксама лічу, што працаўнікі органаў унутраных справаў мусяць быць у форме», – падкрэсліў ён, заўважыўшы, што «могуць быць выключэнні ў залежнасці ад задачаў». Але ў гэтым выпадку грамадзянін павінен ведаць, хто да яго звяртаецца, адзначыў Рыгор Васілевіч і выказаў упэўненасць, што «сітуацыя будзе выраўноўвацца ў плане выканання заканадаўства». Ягоныя словы прыводзіць агенцтва «Интерфакс-Запад».

Рыгор Васілевіч таксама паведаміў, што Генеральная пракуратура праводзіць правяранне дзейнасці міліцыянтаў на несанкцыянаваных акцыях маўклівых пратэстаў. 15 ліпеня ён накіраваў адпаведны ліст да міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова. Пры гэтым генпракурор акцэнтаваў увагу на парушэннях правоў журналістаў, некалькі дзясяткаў якіх затрымалі падчас выкання прафесійных абавязкаў, некаторыя пацярпелі ды трапілі за краты.

belsat.eu

Стужка навінаў