Кіраўнікам дзяржаўных арганізацыяў будуць раздаваць новыя бонусы


У Беларусі ўвялі новы від матэрыяльнага стымулявання працы кіраўнікоў дзяржаўных арганізацыяў.

Савет Міністраў зацвердзіў новую рэдакцыю палажэння аб умовах аплаты працы кіраўнікоў дзяржаўных арганізацыяў і арганізацыяў з доляй уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці.

Апрача гадавых бонусаў (сістэму іх выплаты ўвялі ў 2010 г.) будуць выдаваць яшчэ і кароткатэрміновы бонус – заахвочвальную выплату з прыбытку, што ўстанаўліваецца органам, які заключыў кантракт, за выкананне і/або перавыкананне якасных паказнікаў развіцця арганізацыі. Пры гэтым памер кароткатэрміновага бонусу павінен быць не меншым за адзін аклад па кожнай падставе.

Выплочваць кароткатэрміновыя бонусы будуць цягам года (паводле вынікаў за квартал, паўгоддзе, дзевяць месяцаў) за выкананне і перавыкананне найбольш важных на канкрэтным этапе паказнікаў прагнозу, якія характарызуюць эфектыўнасць працы арганізацыі: рэнтабельнасць продажу, прадукцыйнасць працы, экспарт тавараў, працаў і паслугаў, зніжэнне энерга- і матэрыялаёмістасці прадукцыі ды інш.

belsat.eu

Стужка навінаў