Што дала б Беларусі сустрэча Мэркэль з Мядзведзевым?


Палітолаг Валер Карбалевіч скептычна ставіцца да магчымасці адзінай стратэгіі Еўразвязу і Расеі адносна нашай краіны.

Учора, 19 ліпеня, канцлер Ангела Мэркель і прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў мелі закранулі беларускае пытанне падчас нямецка-расейскіх кансультацыяў, якія адбываюцца ў Гановеры. Пра гэта паведаміла Польскае прэсавае агенцтва (polska Agencja Prasowa). Аднак ў прэс-службе фэдэральнага ўраду Нямеччыны ўвечары 19 ліпеня паведамілі, што сітуацыя ў нашай краіне падчас двухбаковых кансультацыяў не абмяркоўвалася.

«Я з цяжкасцю ўяўляю сітуацыю, калі Захад можа дамовіцца з Расеяй па беларускім пытанні, – гаворыць Валер Карбалевіч. – Мэты і задачы ў Еўропы, ЗША і Расеі вельмі розныя. І таму наўрад ці можа быць тут нейкае пагадненне. Тым больш што Расея вельмі хваравіта ставіцца да таго, што Захад спрабуе ўзмацніць свой уплыў тут. Зразумела, што на парадку дня пытанне можа быць, але не думаю, што яно вырашыцца нейкімі сур’ёзнымі пагадненнямі».

Палітолаг падкрэслівае, што Захад у дачыненнях з Беларуссю да прыярытэтных адносіць пытанне каштоўнасцяў – дэмакратыі ды правоў чалавека. Для Расеі ж яно не ёсць галоўным. «Для Расеі важныя геапалітычны кантроль, ваенна-стратэгічны фактар, кантроль расейскага капіталу над беларускімі прадпрыемствамі», – тлумачыць эксперт.

Беларусі ж ад Захаду патрэбныя грошы, і ўрад, магчыма, гатовы пайсці на саступкі, пра што заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Валер Карбалевіч не выключае, што дыялог паміж афіцыйным Менскам і Бруселем адбываецца ў кулуарах.

«Сёння на Еўропу прыходзіцца болей за 40 % беларускага экспарту, які дае рэальную валюту. Гэта вельмі моцны рычаг, іншая рэч, што Еўрапейскі Звяз не гатовы яго ўжываць», – адзначае палітолаг.

Што ж датычыць магчымага выключэння нашай краіны з праграмы «Усходняе партнёрства», дык Валер Карбалевіч мяркуе, што гэтага не адбудзецца: «Калі пачаць выключаць краіны па матывах праблемаў дэмакратыі ды правоў чалавека, дык уся гэтая праграма пазбавіцца цэнтральнай ідэі, дзеля якой яна была створаная. Праблема больш глыбокая. Праграма «Усходняе партнёрства» стала менш актуальная для Еўразвязу, перш за ўсё з прычыны эканамічных цяжкасцяў, якія існуюць у межах самога Еўразвязу».

Эксперт дадае, што сур’ёзных праграмаў адносна Беларусі ў Еўрапейскага Звязу і не было, бо няма пакуль маштабнага пагаднення, што існуе паміж ЕЗ ды іншымі партнёрамі. «Таму з самага пачатку, калі не было праблемаў пасля 19 снежня, пытанне пра ўключэнне і функцыянаванне, пра распаўсюд гэтай праграмы на Беларусь было пад вялікім пытаннем. А пасля 19 снежня, калі дыялог увогуле спыніўся, можна сказаць, што прысутнасць Беларусі ў праграме чыста фармальная», – мяркуе Валер Карбалевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў