Серада, 20 ліпеня: Апладысменты вяртаюцца на Кастрычніцкую плошчу


Група “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” заклікае ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў а 19.00 зноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і галоўных плошчах іншых гарадоў.

За вяртанне да традыцыйнага месца правядзення акцыяў прагаласавала большасць наведнікаў старонкі групы «ВКонтакте».

Калі Кастрычніцкую плошчу перакрыюць, арганізатары заклікаюць ісці па праспекце да плошчы Незалежнасці. Калі ж перакрыта будзе ўсё – пачынаць акцыю там, куды прыйшлі.

На старонцы групы таксама з’явіўся план дзеянняў, які мае перашкодзіць аўтазакам і машынам без нумарных знакаў пад’ехаць да месца правядзення акцыі і вывозіць яе ўдзельнікаў. “А 19.00 рознымі шляхамі выязжаем да Кастрычніцкай плошчы і па меры набліжэння зніжаем хуткасць до мінімальнай, правакуючы затор”, – пішуць арганізатары. Яны прапануюць блакаваць рух да 20.00, пакуль не закончыцца акцыя, а потым раз’ехацца. Калі плошчу перакрыюць, трэба ўдзельнікі маўклівых пратэстаў маюць спыніцца побач, уключыць аварыйныя сігналы і чым даўжэй перашкаджаць руху аўтазакаў і аўтаў без знакаў.

У абласных цэнтрах і мястэчках акцыя нязменна праводзіцца на галоўных плошчах. Дзеля бяспекі арганізатары раяць збірацца групамі з 3–10 чалавек, не рэагаваць на правакацыі ды ў выпадку нападу невядомых – абараняць паплечнікаў. Паводле звестак праваабаронцаў, падчас папярэдніх маўклівых акцыяў сілавікі затрымалі агулам каля дзвюх тысячаў чалавек па ўсёй краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў