“Ганялі па чорным тунэлі, білі па жываце і патыліцы”


Арыштаваныя за ўдзел у акцыях маўклівага пратэсту 6 ліпеня ў Менску распавялі праваабаронцам, як з імі абыходзіліся ў СІЗА.

Сяргея Крэйду затрымалі падчас акцыі 6 ліпеня. Спачатку яго прывезлі ў Маскоўскі РАУС сталіцы. Там арыштаваных трымалі прыкладна да 3-й гадзіны ночы, складалі пратаколы, пасля чаго адправілі ў ізалятар на Акрэсціна. Адтуль Сяргея вазілі ў суд Маскоўскага раёну, дзе ён пачуў вырак: 10 содняў адміністратыўнага арышту.

Першы дзень пасля суда арыштант правёў у камеры на Акрэсціна, спаў на лавах, бо на ўсіх не ставала ложкаў. На наступныя чатыры дні яго перавялі ў іншую камеру, а 11 ліпеня разам з больш як 100 вязнямі павезлі ў Жодзіна. У машыны садзілі больш людзей, чым належыць, былі праблемы з вентыляцыяй.

“Пасля прыезду ў Жодзіна нам вырашылі арганізаваць “паказальны выступ”. Выходзячы з машынаў, мы бачылі вялікую колькасць міліцыянтаў, брахалі сабакі, адразу пры выхадзе з машыны стаяў АМАПавец у масцы з дубінкаю. Спусціліся ў сутарэньне, усіх паставілі тварам да сьцяны, – узгадвае Сяргей Крэйда. – Затым усіх праганялі па адным па чорным тунэлі, дзе стаялі два чалавекі ў масках: адзін біў па жываце, каб збіць дыханне, а іншы – у патыліцу”.

У Жодзіне Сяргею стала кепска, але ахоўнікі не выклікалі доктара. Дамагчыся медычнай дапамогі ўдалося толькі пасля звароту на прагулцы да старэйшых у званні.

“З Жодзіна нас вывозілі праз чорны ход. Машыны родных, якія прыехалі сустракаць арыштаваных, блакаваліся машынамі ДАІ і нават звычайнымі міліцыянтамі. Вывезлі ўсіх у нейкае поле ды выкінулі”, – распавядае Сяргей Крэйда.

Сяргея Каласоўскага і ягоную жонку Алену Савіч арыштавалі 6 ліпеня каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Суд Першамайскага раёну Менску прысудзіў ім сем і дзесяць дзён арышту, адпаведна.

У Алены патрабавалі здаць адбіткі пальцаў, аднак яна адмовілася, бо закон не абавязвае яе рабіць гэта. Каля 2-й гадзіны ночы арыштаваных даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. У камеры, дзе была Алена, на 8 дзяўчат было толькі 5 ложкаў, таму даводзілася спаць удвох. У камеры, дзе сядзеў Сяргей Каласоўскі, на 18–20 чалавек было толькі 8 ложкаў. У ІЧУ людзей не выводзілі на прагулкі, не было магчымасці памыцца ў душы.

Як і Сяргей Крэйда, Алена Савіч і Сяргей Каласоўскі трапілі пад транспартаванне ў Жодзіна 11 ліпеня. Яны таксама адзначылі, што аўтазакі былі перапоўненыя, не было чым дыхаць. Таксама сямейная пара пацвердзіла словы Сяргея Крэйды пра сустрэчу арыштаваных з сабакамі ды ахоўнікамі ў масках.

Перад тым, як размеркаваць дзяўчат па камерах, іх абшуквалі з поўным распрананнем. У жодзінскім ізалятары – жахлівыя санітарныя ўмовы: у камерах – шмат прусакоў. Праз кепскую ежу шмат у каго з арыштаваных былі праблемы са страўнікам.

У камерах прыбіральні належным чынам не агароджаныя. Ахоўнікі, якія назіралі за арыштаванымі ў вочка дзвярэй, маглі бачыць, як хтосьці спраўляе свае натуральныя патрэбы. Прычым ахоўнікі-мужчыны маглі без перашкодаў назіраць за дзяўчатамі ў прыбіральні. Дарэчы, на гэта скардзіліся арыштанткі, якія адседзелі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Нічога не змянілася, хоць па фактах катаванняў праводзіла праверку Генеральная пракуратура.

Сяргей Каласоўскі таксама трапіў у цёмны калідор: “Натуральна, стараліся моцна не біць, каб не пакідаць пашкоджанняў. Але ўсё гэта суправаджалася абразамі, мацюкамі, запалохваннямі”, – распавёў ён.

Сямейная пара таксама пацвердзіла, што падчас вызвалення людзей вывезлі праз чорны ход у невядомым кірунку. Пакінулі без грошай, дакументаў і асабістых рэчаў (не было нават аботаў у абутку). Усё засталося ў ІЧУ на Акрэсціна і раённых РАУСах Менску. Выдалі толькі даведку аб вызваленні пасля адбытага арышту.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары