Рэйтынг Лукашэнкі можа знізіцца і да нуля


Беларусы хутчэй вінавацяць у крызісе прэзідэнта, чым урад. Раней было наадварот. Пра вынікі апошніх сацыялагічных даследаванняў – незалежны палітолаг Сяргей Нікалюк.

«Калі я параўноўваю звесткі ІАЦ [Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь] са звесткамі НІСЭПД [Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў], то тут атрымліваецца складаная карціна. Такія больш-менш нейтральныя пытанні – як правіла, адказы на іх супадаюць ці вельмі падобныя. А чым больш палітызаванае пытанне – тым звесткі больш разыходзяцца», – распавёў «Белсату» незалежны палітолаг Сяргей Нікалюк.

Ён заўважае, што калі раней ІАЦ друкаваў інфармацыю на сваім сайце з вялікім спазненнем, дык апошнім часам яна пачала з’яўляцца ў аператыўным рэжыме. «Відавочна, гэта звязана з тым, што ў беларускім грамадстве распачаліся нейкія дынамічныя працэсы, – мяркуе палітолаг. – Нядаўна з’явіліся звесткі НІСЭПД, якія сведчаць пра тое, што ступень напружанасці ў беларускім грамадстве значна ўзрасла літаральна за тры месяцы. І на гэтым фоне пачало падаць падтрыманне Лукашэнкі».

Сяргей Нікалюк нагадвае пра нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра закрытыя даследаванні, вынікі якіх нібыта паказалі, што віну за крызіс на кіраўніка Беларусі ўскладаюць усяго 10 % насельніцтва. Палітолаг не схільны давяраць гэтым звесткам: «Рэч у тым, што структура беларускага грамадства ў палітычным плане вельмі трывалая, у ёй каля 30 % людзей, якія заўсёды не падтрымліваюць прэзідэнта. Нават у гады найбольш высокіх заробкаў. Таму калі такіх людзей пытаюць, хто вінаваты, яны аўтаматычна адказваюць, што вінаваты прэзідэнт».

Наадварот, эксперт заўважае: «Упершыню, як мне падаецца, за гады даследаванняў НІСЭПД, калі ў беларусаў цікавяцца, хто вінаваты [у эканамічным крызісе – «Белсат»], звычайна ў лідарах апынаюцца прэзідэнт і ўрад. Аднак па ступені віны ўрад заўсёды апярэджваў прэзідэнта. А сёння з вялікім адрывам прэзідэнт пайшоў наперад».

Паводле Сяргея Нікалюка, у эканоміцы пакуль не відаць тых рэсурсаў або механізмаў, за кошт якіх можна палепшыць сітуацыю. Што будзе, калі гэта не зменіцца? «Тыя тэндэнцыі, якія сёння вызначыліся, будуць узмоцнена развівацца далей, у прынцыпе, рэйтынг Лукашэнкі можа ўпасці да нуля», – выказаў меркаванне палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў