Новы ажыятаж: у банкаматы не паспяваюць загружаць рублі


Людзі пачалі асцерагацца, што не змогуць забраць свае грошы пасля таго, як на выходных праблемы з’явіліся ў кліентаў «БелСвісБанку»: яны не змаглі зняць рублі ў банкаматах. У цэнтры Менску апараты выдавалі інфармацыю, што немагчыма працаваць з карткаю або не стае наяўных сродкаў. Навіна імгненна абляцела інтэрнэт.

Начальнік аддзелу маркетынгу і развіцця сувязяў з грамадскасцю ЗАТ «БелСвісБанк» Арцём Раменны паведаміў, што дэфіцыту беларускіх рублёў няма, узнікла міжбанкаўская праблема. «Гэта тэхнічны збой, звязаны з атрыманнем наяўных грошай. Мы не паспяваем загружаць банкаматы. На выходных пачаўся нечаканы наплыў кліентаў», – патлумачыў ён. І дадаў, што над развязаннем праблемы працуюць і бліжэйшым часам сітуацыю выправяць.

Разам з тым, з’явілася інфармацыя, што банк «Масква-Менск» увёў ліміт на аднаразовае зняцце грошай для сваіх кліентаў. Крыніца паведаміла «Інтэрфаксу», што ліміт складае 300 тыс. руб., і яго ўвядзенне выкліканае тым, што «Нацыянальны банк не ў поўным аб’ёме задавальняе заяўкі банкаў на атрыманне наяўных». У кол-цэнтры гэтую інфармацыю пацвердзілі. «У аддзяленні банку вы можаце зняць любую суму, але ў банкамаце за адзін раз толькі 300 тысяч рублёў, – распавёў кансультант. – Гэта рашэнне кіраўніцтва банку. Я нічога больш патлумачыць не магу».

У Нацыянальным банку падкрэсліваюць, што заяўкі камерцыйных банкаў у наяўных беларускіх рублях выконваюцца ў поўным аб’ёме. «Наяўных хапае, ніякіх праблемаў з іх выдаваннем няма і не будзе», – кажа начальнік галоўнага ўпраўлення эмісійна-касавых аперацыяў Уладзімір Сокал.

Існуе меркаванне, што перад увядзеннем рынкавага курсу даляра трэба адназначна стварыць штучны дэфіцыт рублёў. Былая старшыня крэдытнага аддзелу «Беларусбанку» Наталля Папова мяркуе: «Калі б улады захацелі праводзіць дэвальвацыю і ўводзіць рынкавы курс даляра, лагічна было б прытрымаць колькасць рублёў (каб не маглі адразу з банкаматаў і з укладаў забраць), каб людзі не скупілі абсалютна ўсю валюту, але хутчэй за ўсё, абмежаванні выкліканыя тым, што зноў з’явіўся спажывецкі ажыятаж».

belsat.eu

Стужка навінаў