Бандарэнку перавялі ў камеру з хворымі на СНІД


Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава Зміцер Бандарэнка напярэдадні этапавання ў калонію сустрэўся з жонкаю.

Сустрэча адбылася 18 ліпеня ў СІЗА МУС, распавяла сайту charter97.org Вольга Бандарэнка. У той жа час на спатканне з Андрэем Саннікавым прыйшла ягоная жонка Ірына Халіп. Такім чынам экс-кандыдат на прэзідэнцтва ўпершыню за восем месяцаў пабачыўся са сваёй даверанай асобаю, і калі іх вялі ў кабінкі для сустрэчаў, яны нават паспелі перакінуцца параю словаў.

Вязні маюць права на сустрэчы пасля разгляду касацыйных скаргаў на прысуд (ён адбыўся 15 ліпеня, выракі абодвум палітыкам пакінулі без зменаў) і адпраўкай у калонію.

Зміцер Бандарэнка мае сур’ёзныя праблемы з пазваночнікам, у яго амаль абезрухоўленая адна нага, тое ж пагражае другой, таму яго перавялі ў турэмны шпіталь. Рэзкае пагаршэнне здароўя адбылося з-за жахлівых умоваў утрымання ў СІЗА КДБ.

«Дзіма распавёў, што палітзняволеных спрабуюць зрабіць інвалідамі. Задача ўладаў – знішчыць іх маральна і фізічна. Паводле яго, упершыню ён прасіў аказаць яму кваліфікаваную медычную дапамогу напрыканцы лютага яшчэ ў СІЗА КДБ, а першую дапамогу яму аказалі 22 чэрвеня ўжо ў СІЗА МУС», – распавяла Вольга Бандарэнка.

Яна таксама ўзгадала, што цягам першых двух месяцаў Зміцер мусіў «бегаць з матрацам і дзвюма торбамі па лесвіцы падчас пастаянных ператрусаў» і стаяць на расцяжцы па гадзіне, а то і па дзве. «Камера была без прыбіральні, і гэта было сапраўднае катаванне», – адзначыла жонка палітвязня.

Пасля пераводу ў турэмны шпіталь палітыка змясцілі ў камеру разам з хворымі на СНІД і гепатыт С, нават не папярэдзіўшы пра гэта і не распавёўшы пра захады, дзякуючы якім можна пазбегчы заражэння.

Змітра Бандарэнку арыштавалі ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля разгону мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Яму прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары