Лукашэнка: Мы задзейнічаем Пракаповіча на поўную катушку


Кіраўнік Беларусі звольніў Пятра Пракаповіча з пасады старшыні Нацбанку, але збіраецца прапанаваць яму новую працу.

18 ліпеня Пятра Пракаповіча, які ўзначальваў Нацбанк з 1998 г., вызвалілі ад пасады старшыні праўлення ў звязку з выхадам у адстаўку. Адпаведны ўказ № 322 падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

У красавіку 2011 г. Пётр Пракаповіч перанёс сур’ёзную аперацыю на сэрцы. Ён афіцыйна вярнуўся на працу 18 траўня. Пры гэтым, як сцвярджалі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнага банку краіны, увесь гэты час ён «актыўна ўдзельнічаў у працэсе кіравання Нацбанкам па тэлефоне».

20 чэрвеня Лукашэнка прызначыў выканальнікам абавязкаў старшыні праўлення Нацбанку Юрыя Алымава, які з 2001 г. быў першым намеснікам кіраўніка гэтага ведамства.

23 чэрвеня падчас паездкі ў Берасцейскую вобласць Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што Пракаповіч больш не будзе працаваць у Нацыянальным банку. «Пётр Пракаповіч у Нацыянальны банк больш не вернецца, я хачу, каб ён жыў», – заявіў кіраўнік краіны, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў медыяў. «Гэта адданы нашай айчыне чалавек, – падкрэсліў Лукашэнка. – Але цяжка нават было б уявіць, што пасля аперацыі на адкрытым сэрцы ён літаральна на наступны дзень выйшаў бы на працу».

«І ён памыляўся, і ўрад, і я павінен гэта бачыць», – пракаментаваў Лукашэнка працу былога кіраўніка Нацбанку.

Паводле прэзідэнта, Пракаповіч «будзе задзейнічаны ў краіне на поўную катушку пасля праходжання медычнай рэабілітацыі».

Пятру Пракаповічу 68 гадоў. У студзені 2011 г. Лукашэнка прадоўжыў тэрмін ягоных паўнамоцтваў на пасадзе старшыні праўлення Нацыянальнага банку да 31 снежня 2015 г.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары