Заўтра разгляд касацыяў у справе Халіп, Севярынца і Марцалева


Судовае паседжанне ў Менскім гарадскім судзе распачнецца а 10:00 раніцы.

Спачатку разгляд касацыйнай скаргі быў прызначаны на 21 чэрвеня, аднак яго адклалі амаль на месяц. «Зразумела, з якіх прычынаў гэта адбылося – ніхто не патлумачыў. Больш за тое, калі 20 чэрвеня раніцаю майму адвакату пацвярджалі, што разгляд пройдзе як і запланавана, то ўжо а 17:00 абаронцу расшуквалі літаральна ў аўральным рэжыме, каб паведаміць пра перанос судовага паседжання», – распавяла «Белсату» Ірына Халіп.

Журналістка гаворыць, што «ніякіх цудаў» заўтра не чакае: «Маё меркаванне: справу адклалі на месяц, бо ў сярэдзіне ліпеня ўвесь заходні свет масава сыходзіць у адпачынак. Такім чынам яны проста імкнуцца адцягнуць увагу ад палітычных працэсаў у Беларусі».

Карэспандэнт расейскай «Новой газеты», жонка экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава Ірына Халіп, была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на два гады; сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кіраўнік штабу Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец – на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу; кіраўнік штабу Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў – на два гады ўмоўна. Іх абвінавацілі ў арганізацыя і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага Кодэксу).

belsat.eu

Стужка навінаў