Менск настойвае на скасаванні мытаў на нафту


Мыты на расейскую нафту належыць скасаваць, але пры гэтым Беларусь не мае намеру адмаўляцца ад пошукаў іншых пастаўшчыкоў энерганосьбітаў. Пра гэта заявіў сёння намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Еўдачэнка.

Андрэй Еўдачэнка заявіў, што Беларусь разлічвае на адмену расійскага экспартнага мыта на нафту з 1 студзеня 2011 г. “Мы спадзяемся, што пратакол аб выключэннях з адзінай мытнай тэрыторыі, які бакі падпісалі, будзе выкананы ў поўным аб’ёме, і з 1 студзеня 2011 г. гэтае пытанне будзе закрытае”, – сказаў намеснік міністра.

Паводле Еўдачэнкі, наяўнасць мытаў на нафту і нафтапрадукты – гэта “істотнае выключэнне з рэжыму Мытнага саюзу, і наяўнасць мытаў унутры дзяржаваў Мытнага саюзу несумяшчальная з нормамі ды прынцыпамі міжнароднага гандлю”.

Закранаючы пытанне дыверсіфікацыі паставак нафты, чыноўнік адзначыў, што Беларусь не выключае ніякіх варыянтаў. “Чым больш будзе пастаўшчыкоў, тым лепш будзе працаваць гэтая сістэма [паставак нафты] і тым менш уразліваю будзе беларуская эканоміка”, – заявіў Еўдачэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў