Азербайджан–Арменія: крок да міру?


Азербайджан і Арменія мусяць пачаць распрацоўку мірнага пагаднення – заявіў міністр замежных справаў Азербайджану Эльмар Мамад’яраў пасля перамоваў з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым у Маскве. Пытанне нагорнакарабахскага канфлікту было адным з асноўных у двухбаковай сустрэчы міністраў.

Падчас шасцігадовай вайны ў Нагорным Карабасе загінулі не менш як 30 тыс. чалавек, значную частку склала мірнае насельніцтва. Каля мільёна чалавек пакінулі свае дамы. Пагадненне пра спыненне агню Арменія і Азербайджан падпісалі ў 1994 г.

Краіны-пасярэдніцы (Расея, ЗША і Францыя) запрапанавалі бакам у 2007 г. ухваліць так званыя «мадрыдскія прынцыпы». Дакумент прадугледжвае паступовы вывад армянскіх узброеных сілаў з Нагорнага Карабаху і наданне рэгіёну статусу аўтаноміі, але без поўнай незалежнасці. Аднак перамовы па гэтай прапанове пакуль не мелі вялікага поспеху.

Міністр замежных справаў Азербайджану Эльмар Мамад’яраў заявіў, што настаў час пачаць распрацоўку мірнага пагаднення паміж Азербайджанам і Арменіяй, хоць адносіны паміж дзвюма краінамі застаюцца напружанымі.

Нагорна-Карабахская Рэспубліка абвеціла незалежнасць у 1992 г., аднак застаецца часткова прызнанаю дзяржаваю. Азербайджан лічыць гэтыя тэрыторыі сваімі.

belsat.eu

Стужка навінаў