Берлін хоча, каб Масква націснула на Лукашэнку


Ангела Мэркель плануе абмеркаваць з Дзмітрыем Мядзведзевым сітуацыю ў Беларусі Гэта будзе адна з тэмаў расейска-нямецкіх кансультацыяў на найвышэйшым узроўні, якія пройдуць у Гановеры 18—19 ліпеня.

Як паведаміў журналістам прадстаўнік ведамства федэральнага канцлера Нямеччыны, які пажадаў застацца неназваным, удзельнікі кансультацыяў абмяркуюць “магчымасць супольна націснуць на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку з мэтаю вызвалення палітзняволеных”. Пра гэта паведамляе Польскае агенцтва друку (PAP).

Расейскія лідары, на меркаванне нямецкага боку, маглі б выкарыстаць свае кантакты з урадам Лукашэнкі, каб даць зразумець: ягоны падыход да правоў чалавека і дэмакратыі – “няправільны шлях”, падкрэсліла крыніца.

13-ы раўнд расейска-нямецкіх міждзяржаўных кансультацыяў з удзелам канцлера ФРГ Ангелы Мэркель і прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева пачнецца ўвечары 18 ліпеня.

Расейска-нямецкія перамовы закрануць шырокі спектр тэмаў: эканамічная супраца, крызіс у зоне еўра, унутраная палітыка, у тым ліку пытанне пра допуск назіральнікаў на выбары ў Дзярждуму і прэзідэнцкія выбары ў Расеі. На сустрэчах таксама закрануць актуальныя міжнародныя праблемы: напрыклад, сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і міратворчы працэс на Блізкім Усходзе.

Па выніках сустрэчы ў Гановеры чакаецца падпісанне некалькіх пагадненняў.

belsat.eu

Стужка навінаў